Рынак каштоўных папер прасеў на 5,6% праз палітычны крызіс і COVID-19
Банкаўскія аблігацыі пацярпелі больш за ўсё / Reuters
Мінфін апублікаваў звесткі па аперацыях на рынку каштоўных папер у 2020 годзе. Рынак акцый моцна вырас, а аблігацыі, наадварот, прадаваліся дрэнна.
Рынак каштоўных папер упаў на 5,6%. Агульны аб'ём здзелак у 2020 годзе склаў 28,1 млрд рублёў, а ў 2019 годзе — 29,8 млрд рублёў.
Рынак акцый у зачаткавым стане
Аб'ём здзелак па акцыях павялічыўся на 58% і склаў 1,2 млрд рублёў. Летась здзелак па акцыях было заключана ўсяго на 760 млн рублёў.
Такі рост прафесар БДУ эканаміст Міхаіл Кавалёў тлумачыць эфектам нізкай базы.
— Гэта надзвычай мала. Рынак акцый у зачаткавым стане. У нас большасць акцыянерных таварыстваў альбо дзяржаўныя, альбо належаць такім прыватнікам, якія не хочуць, каб іх акцыі таргаваліся, — кажа Міхаіл Кавалёў.
Эксперт адзначае, што ў цэлым акцый выпушчана досыць шмат.
— Было б нядрэнна, калі б хоць бы дзесяць адсоткаў акцый таго ж Беларусбанка, Беларуськалія і іншых дзяржпрадпрыемстваў выпусцілі на рынак. Хай людзі купляюць, прадаюць. Мы заадно будзем бачыць, як яны ацэньваюць працу гэтых прадпрыемстваў. Цана акцый ідзе ўгору — значыць, добра працуе. Ідзе ўніз — значыць, дрэнна.
Інвестыцыі ўпалі ва ўсім свеце
Аб'ём здзелак на рынку аблігацый прасеў на 7,3% у параўнанні з 2019 годам. Паколькі ён нашмат большы, чым рынак акцый, то ён і адцягнуў агульны паказчык па каштоўных паперах. У 2020 годзе здзелкі дайшлі да 26,9 млрд рублёў. У 2019 годзе было 29 млрд рублёў.
— Відавочна, гэта праз пандэмію. Колькасць стратных прадпрыемстваў стала большая. Знізілася рэнтабельнасць. Хоць мы заводы не спынялі, але не было каму прадаваць. У іншых краінах жыццё спынілася.
"Керамін" наогул, па-мойму, хоча звольніць работнікаў цагельнага завода. У іх цэглы зроблена на год наперад. У сілу гэтых прычын і аблігацыі не выпускалі. Таму што разумелі: хто ж купіць, калі ў завода ўпала рэнтабельнасць?
Эксперт адзначае, што такое падзенне не выглядае страшным на фоне іншых краін. У свеце інвестыцыйны рынак праз пандэмію сціснуўся на 40%.
Банкам перасталі давяраць
Рынак аблігацый сціснуўся за кошт банкаўскага сектара. Так, аб'ём здзелак куплі-продажу па аблігацыях Нацыянальнага банка знізіўся на 80,5% — да 132,5 млн рублёў. У 2019 годзе гэты паказчык склаў 677,9 млн рублёў.
Акрамя здзелак куплі-продажу на рынку аблігацый ёсць здзелкі РЭПО. Такая здзелка дазваляе атрымаць пазыку пад забеспячэнне аблігацый.
Аб'ём здзелак РЭПО з аблігацыямі Нацыянальнага банка ўпаў на 86% і склаў 89,2 млн рублёў. У 2019 годзе такіх здзелак было праведзена на 664 млн рублёў.
— Нацбанкі наогул звычайна не выпускаюць аблігацыі. У Нацбанка і так быў вельмі невялікі іх аб'ём. Напэўна, налета ён можа сысці і да нуля, — зазначае Міхаіл Кавалёў.
Аб'ём па аблігацыях банкаў скараціўся на 38,3%. Ён склаў 11 млрд рублёў, а ў 2019 годзе быў 17,9 млрд рублёў. Аб'ём здзелак РЭПО з банкаўскімі аблігацыямі быў зусім невялікі, але і ён скараціўся ў два разы і склаў 17,4 млн рублёў.
Эксперт адзначае, што пры палітычнай нестабільнасці насельніцтва перастала давяраць банкам і прычын купляць іх аблігацыі не бачыць.
— За год людзі забралі з банкаў 1,5 мільярда долараў. У былыя гады нават пад нізкія працэнты падаўжалі дэпазіты, таму што дома баяліся захоўваць. Думаю, што з тых 1,5 мільярда долараў, якія насельніцтва забрала з банкаў, значную частку яно ўклала ў мінфінаўскія аблігацыі ў канцы года.
Аблігацыі Мінфіна ў плюсе
Мінфін жа ў 2020 годзе на ўсю моц спрабаваў прыцягнуць сродкі — і не даў рынку аблігацый упасці яшчэ мацней.
Аб'ём па дзяржаўных каштоўных паперах вырас на 38,8% і дасягнуў 3,6 млрд рублёў. Пазалетась аперацый было здзейснена на 2,6 млрд рублёў.
Аб'ём па здзелках РЭПО з дзяржаблігацыямі павялічыўся на 108,2% летась. Ён склаў 7 млрд рублёў, хоць у 2019 годзе быў толькі 3,4 млрд рублёў.
Міхаіл Кавалёў зазначае, што продажы аблігацый Мінфіна падалі ў жніўні праз палітычную сітуацыю, але ўзраслі да канца года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.