Сальвадорскія тыянгэ: наяўныя або бартар. Ніякага біткойна
Гандляры скацінай на тыянгэ — традыцыйным перасоўным кірмашы ў Сальвадоры / elfaro.net
7 верасня Сальвадор першым у свеце афіцыйна перайшоў на біткойн у якасці нацвалюты. Для краіны, дзе, па апошнім апытанні, як мінімум 60% насельніцтва жывуць без банкаўскіх рахункаў, рашэнне спрэчнае. Сальвадор займае пятае месца па ўзроўні беднасці сярод краін Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, Больш за палову насельніцтва жывуць на 2 долары ў дзень — па класіфікацыі ААН гэта ўзровень беднасці. Нашы калегі з сальвадорскага СМІ El Faro зрабілі выдатны фотарэпартаж (да ўвядзення біткойна, але гэта не так істотна) з аднаго з найстарэйшых рынкаў краіны, дзе ніякіх біткойнаў, зразумела, — толькі наяўныя або бартар. Прычым наяўныя — гэта долары ЗША, таму што ў 2001 годзе ўрад Сальвадора адмовіўся ад эмісіі ўласных грошай.
Тыянгэ — аснова жыцця для жывёлагадоўцаў і фермераў у Сальвадоры. Перасоўныя кірмашы, дзе скаціну прадаюць за наяўныя, распаўсюджаныя ў Сальвадоры яшчэ з канца XIX стагоддзя. Тыянгэ робяць унёсак у мясцовую эканоміку, бо за продаж буйной рагатай жывёлы або каня спаганяецца муніцыпальны падатак у 2-3 долары ЗША за галаву.
Сёння дробныя вытворцы карыстаюцца гэтай прасторай для таго, каб прапанаваць сваіх курэй, свіней, індыкоў і нават сабак. Некаторыя прадаюць рабочыя інструменты або разгортваюць прылаўкі з ежай. Але ўсе ўдзельнікі гандлю цвёрда ведаюць: разлік толькі за наяўныя грошы ці натуральным абменам, па бартары. У гэтым бізнесе няма ні крэдытных картак, ні чэкаў. Яшчэ больш бессэнсоўна на тыянгэ пытацца пра біткойн, які афіцыйна стаў нацыянальнай валютай Сальвадора. Некаторыя з тых, хто гандлюе на тыянгэ, усё жыццё былі фермерамі, многія не ўмеюць чытаць і пісаць. Біткойн тут непапулярны. Агустын Рывас, 55-гадовы жывёлавод, кажа, што гэта была найгоршая памылка цяперашняга ўрада і што гэтая валюта ніколі не будзе працаваць з сельскім насельніцтвам.
Меркаванне фермера супадае з апытаннем нацыянальнага Універсітэта Франсіска Гавідыя, якое было апублікавана ў чэрвені 2021 года, за два месяцы да ўступлення ў сілу закона аб пераходзе краіны на біткойн. Шасцёра з дзесяці апытаных супраць закона. 44% лічаць, што эканоміка праз гэта можа пагоршыцца, і 56% мяркуюць, што гэты закон выгадны толькі прадпрымальнікам. Пры гэтым у 60% рэспандэнтаў няма банкаўскага рахунку, а ў 68% — банкаўскіх картак. Тыянгэ ў горадзе Сан-Рафаэль-Сэдрас, размешчаным за 50 кіламетраў ад сталіцы краіны Эль-Сальвадора, — яркі прыклад разрыву паміж лічбавай эканомікай і рэаліямі жыцця.
Для 30-гадовага Вільбера ў тую раніцу здзелка не адбылася, і ён працягнуў шукаць новыя прапановы, як ён гэта робіць кожную суботу. Апошнія 10 гадоў ён ездзіць па кірмашах у розных гарадах з пачкам наяўных грошай, спрабуючы зарабіць на перапродажы скаціны. Пра новую валюту яму сказаць няма чаго. "Паняцця не маю, што за біткойн, нават не ведаю, што вам адказаць. Мы не ведаем, як мы будзем яго выкарыстоўваць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.