Санта-Каханавічы: 17-гадовая Яна Д. кінула вучобу і ўцякла з 47-гадовым мужчынам
Віцебская міліцыя шукае 17-гадовую Яну Д. з Верхнядзвінскага раёна. Маці дзяўчыны звярнулася ў міліцыю — яна падазрае, што яе дачка ўцякла з дому з 47-гадовым Сяргеем З. Ужо больш за паўгода ніякай сувязі з дзяўчынай няма.
“Відаць, па-за школай іншай была”
“Ведаем мы пра гэтую гісторыю. Яна сама да яго бегала, — расказваюць Еўрарадыё ў аграгарадку Каханавічы пад Верхнядзвінскам, дзе жыве сям’я Яны Д. — Сілай яе ніхто не звозіў, сама летам уцякла. Мужчына тутэйшы, а Яна яму праходу не давала. Дзяўчына лічы што ўнучка яго…
Але каб ён не захацеў, дык нічога б не было. Ён і сам такі… Сям’я адна, другая, трэцяя. Дзеці ў Полацку і яшчэ недзе. Працы сталай не было, сядзеў ён”.
Яна Д. са шматдзетнай сям’і. Дзяўчына там самая малодшая. Сёлета Яна мусіла атрымаць дыплом кухара — але ўцякла з мужчынам, стрэйшым за яе на 30 гадоў.
“Як вучаніца сярэдніх здольнасцяў, вельмі спакойная, замкнёная, — расказвае Еўрарадыё дырэктар Каханавіцкай школы Марына Тварановіч. — Яна скончыла 9 класаў і пайшла ад нас. На курсы кухараў пайшла ў Наваполацку.
У школе яна была спакойная. На кантакт асабліва з аднакласнікамі не ішла. З некаторымі мела зносіны, але, відаць, па-за школай іншай была”.
“Нядобры лёс на гэтай сям’і”
У аграгарадку Каханавічы Еўрарадыё расказалі, што маці Яны не падабаліся адносіны дачкі з дарослым мужчынам. Таму пара і вырашыла ўцячы.
“Сям’я неўладкаваная, шматдзетная, — кажа мясцовая жыхарка Валянціна. — Маці Яны — сірата, гадавалася ў інтэрнаце, ніколі не працавала. Бацька працаваў майстрам па рамонце машын, але моцна п’е. Увогуле, нядобры лёс на гэтай сям’і вісіць”.
Дзядзька Яны Генадзь Давыдзёнак кажа, што Яна і Сяргей кахалі адно аднаго, таму і ўцяклі:
“Яна мая родная пляменніца. Майго брата дачка. Звязалася з адным зэкам і з’ехала з ім... Думаю, што ўцяклі яны ва Украіну, ён адтуль родам быў. Уцяклі разам, бо Сяргея міліцыя шукае.
Маці Яны нічога не трэба. Пяцёра дзяцей у сям’і, дык нікога яна не гадавала. Усе пляменнікі ці ў мяне, ці ў бабы жылі”.
Генадзь упэўнены, што Яна ўцякла праз маці, якая не хацела, каб дачка мела зносіны з дарослым мужчынам:
“Маці напісала заяву ў міліцыю на Сяргея. Калі б не ўлезла, дык Яна і цяпер бы жыла тут. У іх каханне было”.
Куды ўцякла пара — невядома. Апошні раз іх бачылі ў Мінску. У міліцыі лічаць, што Яна і Сяргей маглі з’ехаць з Беларусі. Што праўда, дзяўчына пакінула дома і дакументы, і тэлефон.
Усіх, хто бачыў Яну і Сяргея, супрацоўнікі міліцыі просяць паведаміць у Верхнядзвінскі РАУС па тэлефонах: 8-02151-5-33-02, 8-29-514-11-85, 8-33-347-79-19 ці 102.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.