Севярынец: Колькі б кандыдатаў на выбарах ні было, наш будзе “адзіным”
Чаму марудна рухаецца справа па абранні адзінага лідара ўсёй апазіцыі і ці сапраўды ён будзе адзіным, расказвае сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Еўрарадыё: У панядзелак, 19 траўня, лідары апазіцыі збіраліся на чарговую “кансультацыю” — працягвалі вырашаць, як будзе абірацца адзіны кандыдат — 2015 ад апазіцыі. Да нечага ў выніку прыйшлі?
Павел Севярынец: Гэтая сустрэча — частка агульнага працэсу, задача якога — выпрацоўка адзінай стратэгіі абрання, можна сказаць, адзінага кандыдата, а можна — адзінага лідара пераменаў. На гэты момант можна канстатаваць, што ёсць працэдура абрання, прынятая за аснову, у ёй яшчэ не ўзгодненыя некалькі пунктаў, досыць істотных, бо яны датычаць вылучэння дэлегатаў. Але сустрэчы адбываюцца досыць часта, што пакідае надзею паразумецца найбліжэйшым часам. Праўда, цяжкавата ідуць перамовы… Трэба сказаць, што і адносна кола ўдзельнікаў ёсць пытанні, і адносна таго, наколькі будуць трымацца структуры прынятага і падпісанага рашэння. Але раней можна было казаць, што гэта менш верагодны варыянт, чым 2010 год, то цяпер гэта больш верагодны варыянт, чым ісці ўразнабой.
Еўрарадыё: Нічога не зразумела, таму я задам некалькі досыць канкрэтных пытанняў: вызначыліся ўжо, якія структуры будуць браць удзел у Кангрэсе дэмакратычных сіл, колькі іх?
Павел Севярынец: Сёння можна казаць толькі, што асноўныя палітычныя структуры ўжо пагадзіліся на Кангрэс. Колькі іх і што гэта за структуры — тут ёсць некалькі нявырашаных пытанняў. Было некалькі запрошаных структур, якія спынілі ўдзел у кансультацыях, былі тыя, хто на правах назіральнікаў гатовы браць удзел… Канчаткова стане ясна калі, умоўна кажучы, 7 ці 8 структур падпішуць працэдуру і скажуць: “Мы па ёй пагаджаемся”. Тады можна будзе дакладна казаць, што гэта за пералік. Сённяшняе абмеркаванне пакідае такі варыянт: калі пагаджаюцца, да прыкладу, 6 структур ці 7, а 8-я і 9-я не жадаюць у гэтым удзельнічаць, то вось гэта і будзе… працэдура. Тут няма такога, што трэба, каб абавязкова дамовіліся ўсе.
Еўрарадыё: Як будзе абірацца, галасавацца ці якім іншым чынам вызначацца гэты “адзіны”?
Павел Севярынец: Ён будзе вызначацца на Кангрэсе — з гэтым згодныя ўсе ўдзельнікі абмеркавання. Як будуць выбірацца дэлегаты на Кангрэс… Ёсць некалькі непрынятых пунктаў, па якіх ідзе дыскусія. Сёння ёсць чатыры спосабы вылучэння дэлегатаў на Кангрэс, якія ўсімі падтрыманыя.
Еўрарадыё: Ці вырашана, па колькі дэлегатаў будуць дэлегаваць структуры на Кангрэс і ад чаго гэта залежыць? Будуць нейкія квоты ў залежнасці ад колькасці сяброў у структуры?
Павел Севярынец: Гэта адзін са спосабаў вылучэння. Так было ў 2006 і 2007 годзе. Захаваецца ён і цяпер. Разумееце, сітуацыя такая: калі будуць дамоўленыя яшчэ дзве працэдуры, па якіх вылучаецца вельмі шмат дэлегатаў, то квоты змяншаюцца аўтаматычна. Бо немагчыма правесці Кангрэс на 2 тысячы чалавек. Калі гэтага не будзе, то квоты можна будзе трохі павялічыць, каб Кангрэс быў больш прадстаўнічым.
Еўрарадыё: Такім чынам, атрымліваецца, што няважна, колькі ў структуры чалавек — кожная накіруе роўную колькасць дэлегатаў?
Павел Севярынец: Так было на ўсіх Кангрэсах, так будзе і на гэтым. Адзінае пытанне, колькі гэта будзе чалавек. Але гэта толькі адзін спосаб, а абмяркоўваецца цяпер 6 і 7 гэтых спосабаў.
Еўрарадыё: Чаму так важна, якім чынам структуры-ўдзельнікі будуць абіраць сваіх дэлегатаў на Кангрэс?
Павел Севярынец: От, добра вы паставілі пытанне! У гэтым жа ёсць палітычны сэнс. Ад таго, якая працэдура вылучэння дэлегатаў будзе прынятая, па вялікім рахунку, залежыць, хто мае большыя шанцы перамагчы. Задача БХД і асабіста мая — стварыць такую канкурэнцыю працэдуры, якая прадугледжвала б магчымасць перамогі для кожнага, хто ў ёй удзельнічае. І каб асноўныя палітычныя сілы зразумелі: трэба сапраўды папрацаваць з насельніцтвам і паказаць, што ты наймацнейшы, каб стаць адзіным. Такая задача стаіць, і можна сказаць, што яна блізкая да вырашэння. Але ў ёй маса дэталяў і падводных камянёў. Бо кожная структура ацэньвае: “Ага, мы выберам гэты шлях, і тады кандыдат А аўтаматычна атрымлівае перавагу, бо ў яго ёсць адпрацаваны механізм правядзення сходаў з 2006 года ці правядзення праймерыз і збору подпісаў”. І тады шанцы павышаюцца ў канкурэнта. Я лічу, што шанец абрацца павінныя мець усе, у тым ліку тыя, хто цяпер сядзіць у турме. Той жа самы Мікалай Статкевіч можа стаць лідарам перамен, і Пазняк, які ў эміграцыі, і Саннікаў.
Еўрарадыё: І ўсё ж: партыйны дэлегат будзе галасаваць за свайго ж партыйнага кандыдата ў адзіныя — прычым тут працэдура вылучэння дэлегатаў?
Павел Севярынец: Глядзіце, той кандыдат, які, скажам так, за радыску і ў яго шмат цяпліц з гэтай самай радыскай, адстойвае спосаб вылучэння: “Вось, я пучок радыскі прынёс — мне аднаго дэлегата, калі ласка, за пучок! Я вам 500 гэтых пучкоў арганізую, і ў мяне будзе 500 дэлегатаў”. Але ў іншых няма гэтых пучкоў радыскі, яны іх знайсці не могуць і кажуць: “Не, давайце па кукурузе. У нас такія плантацыі ёсць, у нас ёсць кукурузны досвед, мы можам”. І пачынаецца за кукурузу змаганне. Пагадзіць паміж сабой гэтыя радыску, кукурузу, яблыкі і ўсе астатнія плады — задача для таго, хто арганізоўвае працэдуру.
Еўрарадыё: Гэта азначае, што частку дэлегатаў Кангрэсу пэўны “плантатар” можа перакупіць?
Павел Севярынец: Гэта дэмакратыя, а ў дэмакратыі бывае рознае. Чэрчыль казаў, што дэмакратыя — гэта найгоршы лад з усіх, але нічога лепшага чалавецтва не прыдумала. Таму і асцярогі: ёсць магчымасць для пэўных маніпуляцый, для пэўных фальсіфікацый. Усё гэта прадугледзець, адсекчы найбольш небяспечныя працэдуры і знайсці паразуменне па сумленных працэдурах — праца не аднаго дня. І палітычныя лідары сядзяць па некалькі гадзінаў штодня, ідуць спрэчкі… У парламенце любой нармальнай краіны гэта нармальны працэс. Іншая справа, што да нармальнага парламента нам далёка — пагадзіцца хаця б па тым, каб мы разам зрабілі агульную справу.
Еўрарадыё: Бог з імі, з дэлегатамі. Ці вырашылі што па працэдуры вылучэння кандыдатаў у лідары?
Павел Севярынец: Беларуская хрысціянская дэмакратыя вырашыла не вылучаць свайго кандыдата, каб не ствараць патавай сітуацыі 2010 года. Мы выступілі як пляцоўка для перамоваў, і гэта дало свой плён. Дзякуй Богу, цяпер прынамсі праект працэдуры ёсць, асноўная згода на Кангрэс ёсць — не ўспрымаюцца ўсе структуры як канкурэнты апрыёры.
Еўрарадыё: Давайце казаць шчыра: БХД не вылучае свайго кандыдата ў адзіныя таму, што самы выйгрышны для структуры кандыдат — вы, але вы не маеце права ўдзельнічаць у найбліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах!
Павел Севярынец: А якія праблемы вылучыцца для мяне былі ў 2010 годзе? Былі магчымасці, але мы ўзялі і вылучылі Рымашэўскага. Цяпер бабруйскія дэмакратычныя сілы ўзялі і вылучылі Святлану Хрыстэнка — сябра БХД. Можна было б на адзінага штурхаць яе — беларускі народ у рэгіёнах з вялікім задавальненнем падтрымаў бы вылучэнца з рэгіёна. Георгій Дзмітрук — бацька 5 дзяцей, цудоўна разбіраецца ў эканоміцы. Чым не кандыдат, прабачце? У нас з дзясятак патэнцыйных кандыдатаў знойдзецца. Не горшых за Лябедзьку, Калякіна ці каго-небудзь іншага. Але ў 2010 годзе мы паспрабавалі такі варыянт і, нягледзячы на тое, што тактычна партыя атрымала перамогу (мы прапіярылі кандыдатаў, у цэрквах нас пачалі ўсур’ёз успрымаць), Беларусь атрымала паразу. Мы зрабілі працу над памылкамі. Я тры гады (столькі часу Павел Севярынец знаходзіўся на “хіміі” пасля выбараў 2010 года. — Еўрарадыё) рабіў працу над памылкамі: думаў, як паводзіць сябе ў 2015 годзе, і мая выснова такая — патрэбны адзіны. Бо незалежна ад таго, што ідуць значныя геапалітычныя падзеі, будуць выбары ці не — патрэбны адзіны. Лідар, які можа сказаць: “Байкот!” — і будзе байкот, “Дыялог!” —і будзе дыялог, “Санкцыі!” — і будуць санкцыі. І каб беларускі народ адчуў, што ёсць альтэрнатыва Лукашэнку. Без гэтага ўсё астатняе — нуль. Таму гэты адзіны аказаўся важнейшы, чым нашыя партыйныя інтарэсы. І БХД можа адказваць за сябе. Што да астатніх, то Някляеў заявіў, што ён пойдзе. АГП сказала, што ад іх кандыдат будзе — з’езд будзе ў канцы траўня, і яны вылучаць ці то Лябедзьку, ці то некага яшчэ. Імаверны кандыдат ад партыі Калякіна (партыя левых “Справядлівы свет”. — Еўрарадыё), імаверны кандыдат ад Руху “За свабоду”.
Еўрарадыё: Ці можна называць лідарам дэмакратычных сіл чалавека, у абранні якога бралі ўдзел 5 ці 7 структур, яшчэ 2-3 былі назіральнікамі працэсу, а яшчэ колькі ўвогуле адмовіліся браць удзел у гэтым мерапрыемстве?
Павел Севярынец: А мы так яго і будзем называць — лідарам дэмакратычных сіл Беларусі. Калі быў Юшчанка ва Украіне, то адначасова ў выбарах удзельнічала яшчэ некалькі кандыдатаў, не менш дэмакратычных, чым Юшчанка, але Юшчанка быў адзіны. Проста большасць адказных палітычных сіл падтрымала вылучэнне адзінага кандыдата, ім стаў Юшчанка, і “аранжавая рэвалюцыя” перамагла. Прыблізна такі варыянт будзе і ў нас. Не выключаю, што яшчэ некалькі будзе так званых кандыдатаў. Але сэнс не ў тым, хто кандыдат. У нас жа і выбараў няма! Сэнс у тым, што ёсць чалавек, якому большасць палітычных структур дэлегавалі магчымасці выказвацца ад іх імя, весці кампанію, персаніфікаваць сабой альтэрнатыву Лукашэнку. І гэта ўжо само па сабе мабілізуе беларускае грамадства — вось у чым сэнс. Бо яшчэ 5 кандыдатаў, вылучаных іншымі структурамі, проста няздольныя паасобку мабілізаваць беларускі народ. Ці мала, колькі іх там цяпер, тых кандыдатаў патэнцыйных — беларусаў гэта не цікавіць. А той, хто ўзнімаецца на галаву вышэй над астатнімі, аўтаматычна робіцца альтэрнатывай Лукашэнку. І таму той, хто будзе вылучаны Кангрэсам, аўтаматычна стане адзіным. Нават калі будзе такая ж сітуацыя, як у 2006 годзе, калі быў “адзіны” Мілінкевіч і быў “іншы” кандыдат Казулін. Магчыма, так будзе і ў 2015 годзе. Расія будзе гуляць на нашым палітычным полі, і самавылучэнні магчымыя. Але тыя, хто адчувае адказнасць за лёс Беларусі, на маю думку, проста абавязаныя гаварыць адным голасам і з беларускім народам, і з рэжымам, і з Захадам.
Еўрарадыё: Вы можаце гарантаваць, што абраны на Кангрэсе лідар сапраўды будзе прызнаны за лідара беларусамі?
Павел Севярынец: Такіх гарантый не можа даць ніхто. Гэта дэмакратыя. У нас няма гарантый, што Беларусь будзе незалежнай ад выбараў ва Украіне. Там адбываюцца такія падзеі, што кожны дзень іншая геапалітычная сітуацыя. Меркаванні саміх беларусаў вагаюцца: да Майдана большасць была за перамены, але цяпер усё хістаецца так, што страшнавата мяняць… Я не буду браць на сябе ролю прарока і казаць, што будзе праз паўгода ці год, можам гарантаваць ці не можам — мы робім тое, што можам. І вышэй за галаву тут не скокнеш.
Фота: Еўрарадыё, baj.by, tut.by