З-за электронных адбіткаў пальцаў чэргі ў амбасады не пабольшалі (фота)
Наведвальнікі кажуць, што працэдура праходзіць хутка.
Што змянілася для беларусаў з увядзеннем шэнгенскіх біяметрычных віз
У польскай амбасадзе, як і іншых амбасадах краін Шэнгенскай дамовы, з 23 чэрвеня сталі прымаць дакументы на візу па новых правілах. Згодна з імі, заяўнік павінен здаць адбіткі ўсіх пальцаў абедзвюх рук і электронную фатаграфію.
Еўрарадыё спытала ў наведнікаў польскага консульства, як яны ставяцца да новаўвядзення. Людзі адказалі, што задаволеныя, чарга ідзе шпарка, бо адбіткі пальцаў бяруць хутка.
Ад 23 чэрвеня консульствы і амбасады краін Шэнгенскага пагаднення на тэрыторыі Беларусі падключацца да візавай інфармацыйнай сістэмы.
Здаваць адбіткі пальцаў трэба толькі раз на 5 гадоў
Каб атрымаць візу трэба даць біяметрычныя звесткі — адбіткі ўсіх пальцаў рук і лічбавую фатаграфію. Для гэтага заяўнікі павінны з'явіцца ў амбасаду асабіста. Здаць адбіткі пальцаў можна ў візавых цэнтрах.
Тыя, хто ўжо мае шэнгенскую візу, не павінны здаваць адбіткі пальцаў зараз, толькі пасля падачы на новую візу.
Біяметрычныя звесткі будуць захоўвацца ў цэнтральнай базе даных 59 месяцаў. Яны будуць даступныя ўсім амбасадам краін Шэнгенскага пагаднення. Такім чынам, пры паўторнай падачы дакументаў на візу на працягу гэтага тэрміну здаваць адбіткі пальцаў ужо не трэба.
Хто можа не здаваць адбіткі пальцаў
Здаваць адбіткі не трэба дзецям да 12 гадоў, асобам, якія фізічна не ў стане гэта зрабіць (пры адсутнасці пальцаў), а таксама кіраўнікам дзяржаў, чальцам урадаў, чальцам афіцыйных дэлегацый і іх жонкам і мужам пры службовых паездках. Уладальнікі дыпламатычных пашпартоў ад здачы адбіткаў не вызваляюцца. На нацыянальную візу здаваць адбіткі пальцаў не патрабуецца.
Сканаваць адбіткі пальцаў ў уладальнікаў новых біяметрычных віз будуць на мяжы. Абяцаюць, што гэта працэдура будзе хуткай і зойме не больш за 40 секунд.