Шэпель патлумачыў, чаму беларускія паралімпійцы неслі расійскі сцяг
З'явіўся каментарый кіраўніка Паралімпійскага камітэта Беларусі Алега Шэпеля наконт скандальнага здарэння на цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра. Адзін з чальцоў беларускай дэлегацыі нёс расійскі сцяг (паралімпійцы Расіі не былі дапушчаныя да Гульняў з-за допінг-скандалу), які ў яго праз некалькі дзясяткаў метраў адабралі. Міжнародны паралімпійскі камітэт праводзіць расследаванне, беларусам пагражаюць санкцыі за "палітычную акцыю".
Каментарый Шэпеля з'явіўся на БЕЛТА толькі праз некалькі гадзін пасля таго, як пра скандал напісалі СМІ ўсяго свету. Дзяржаўныя СМІ нічога не паведамлялі і не змяшчалі здымкі беларускай дэлегацыі. Паводле слоў кіраўніка Паралімпійскага камітэта Беларусі, "гэты жэст члены беларускай дэлегацыі зрабілі ў знак салідарнасці з расійскімі паралімпійцамі, якія былі адхіленыя ад удзелу ў спаборніцтвах у Рыа без пацверджаных парушэнняў антыдопінгавых правілаў і персанальнай дыскваліфікацыі".
Адзначым, што ў жніўні Алег Шэпель заявіў Еўрарадыё , што беларускія паралімпійцы будуць ісці на цырымоніі адкрыцця Гульняў толькі пад сцягам Рэспублікі Беларусь. Атрымліваецца, што тыя яго словы не адпавядалі сапраўдным планам айчынных паралімпійцаў.
Як інфармуе sputnik.by, прэс-сакратар Мінспорту Уладзімір Несцяровіч заявіў, што акцыя з расійскім сцягам беларускай дэлегацыяй паралімпійцаў з афіцыйным Мінскам не ўзгаднялася.