Штаб Трампа абверг абвінавачанні порназоркі ў сэксуальных дамаганнях
Штаб кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа абверг абвінавачанні порназоркі Джэсікі Дрэйк ў дамаганнях з боку палітыка. Яна стала 11-й жанчынай, якая выступіла з такімі абвінавачваннямі ў дачыненні Трампа.
На прэс-канферэнцыі Дрэйк распавяла, што пазнаёмілася з палітыкам дзесяць гадоў таму на гольф-турніры. Трамп запрасіў яе ў свой пакой, але яна прыйшла не адна, а з іншымі жанчынамі. Ён жа сустрэў іх у піжаме, кожную пацалаваў і моцна абняў, не пытаючыся дазволу. Джэсіку Дрэйк палітык, нібыта, падрабязна распытваў пра здымкі ў порнафільме (яна прадэманстравала фота, на якім яна знятая разам з Трампам). А пасля, сцвярджае порнаактрыса, ёй патэлефанаваў Дональд Трамп ці чалавек з голасам, вельмі падобным на яго, і прапанаваў 10 тысяч долараў за сэкс. Яна адмовілася. Пра 42-гадовую Дрэйк вядома, што яна за сваю кар'еру знялася больш чым у 350 фільмах для дарослых.
Штаб кандыдата ў прэзідэнты заявіў, што гісторыя, якую распавяла порназорка, "абсалютна фальшывая і смеху вартая". Адзначаецца, што гэта "яшчэ адна спроба кампаніі Клінтан зганьбаваць кандыдата, які толькі сёння на першым месцы ў трох розных апытаннях".
Хілары Клінтан — кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі. Прэзідэнцкія выбары ў Злучаных Штатах прызначаныя на 8 лістапада 2016 года.