Што будзе, калі пакрыўдзіць эколагаў. Новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі

Ахова навакольнага асяроддзя / pixabay
Ахова навакольнага асяроддзя / pixabay

Орхуская канвенцыя ААН прызнала рашэнне беларускіх уладаў ліквідаваць экалагічнае грамадскае аб'яднанне "Экадом" выпадкам пераследу і выцяснення НДА.

Гаворка пра канвенцыю Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН "Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што датычацца навакольнага асяроддзя". Яе мэта сярод іншага — падтрымліваць права чалавека на бяспечнае навакольнае асяроддзе.

Калі Беларусь не зробіць крокаў для аднаўлення рэгістрацыі "Экадома" да 1 снежня 2021 года, яе правы і прывілеі па канвенцыі будуць прыпыненыя з лютага наступнага года.

Наколькі гэта "ўшчамленне ў правах" балючае для беларускага рэжыму?

"Пакуль можна сказаць, чаго Беларусь не будзе пазбаўленая: Беларусь не будзе пазбаўленая магчымасці ўдзельнічаць у сустрэчах бакоў і галасаваць на іх. А ўсяго астатняга можа быць пазбаўленая. Гэта, з аднаго боку, іміджавыя рэчы: у бюро канвенцыі кожны год змяняецца старшыня, Беларусь не зможа быць старшынёй у бюро. Магчыма, гэта адаб'ецца на атрыманні міжнароднай тэхнічнай дапамогі. З іншага боку, здаецца, цяпер у кожным разе міжнародная тэхнічная дапамога будзе спыненая, так што гэта нічога не дадае", — кажа сябра праўлення арганізацыі і партыі "Зялёныя" Ірына Сухій.

Яна мяркуе, што з праблемамі ў выпадку спынення тэхнічнай дапамогі сутыкнецца Мінпрыроды — далёка не самае багатае міністэрства.

"Трэба разумець, што ўсе гэтыя гады Беларусь у асобе Мінпрыроды сапраўды супрацоўнічала з органамі канвенцыі. І нават на апошняй сустрэчы бакоў беларускі бок гаварыў, што прыхільны прынцыпам канвенцыі і выказвае ёй павагу. Усе папярэднія гады мы бачылі, што краіна спрабавала нешта рабіць хоць бы ў пытаннях заканадаўства, Мінпрыроды да гэтага ставілася сур'ёзна", — тлумачыць дырэктарка грамадскага аб'яднання "Экадом" Марына Дубіна.

Як цяпер працаваць эколагам у Беларусі? Сухій згаджаецца: прасторы для манеўраў застаецца ўсё менш. Але і спыняцца нельга.

"Калі вельмі моцна пасыпаць свінцом вакол Брэста, то, калі рэжым падзе, гэты свінец з зямлі не выкалупаеш за тры дні. Калі высечы дрэвы, яны таксама за тры гады назад не вырастуць. Эколагам трэба працягваць працаваць і абараняць права людзей на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Мы будзем старацца гэта рабіць, але магчымасці абмежаваныя".

Поўную размову з актывісткамі глядзіце на Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі