"Што імпартная грэчка даражэе — нам толькі на руку! Сваю прададзім"
У расіян грэчка знікае з прылаўкаў, у беларусаў імпартная грэчка расце ў цане.
У лістападзе грэчка ў Расіі падаражэла на 27%! Гэта ўсё на фоне запэўненняў Мінсельгаса РФ, што грэчкі хопіць на ўсіх! Беларусы нешта такое перажывалі летам 2011 года, у крызіс і дэвальвацыю. Не вельмі хочацца паўтараць той вопыт.
"У нас 20 відаў грэчкі, вам якая патрэбная?" — перапытваюць Еўрарадыё ў гандлёвым цэнтры "Карона". На выбар беларуская і расійская крупы. А вось у пары-тройцы магазінаў "Суседзі" грэчкі засталося ўсяго "5-7 пакетаў".
"Вось ёсць грэчка "Калумб", ёсць "Купецкая". Ёсць грэчка, бяруць, як і бралі. А вось па цэнах і праўда вырасла, што дзіўна. Вось, напрыклад, імпартная грэчка "Калумб". Быў прывоз 19 лістапада і ўжо па новых цэнах. Была 800 грамаў цана 9900, а цяпер 14 тысяч чамусьці", — кажа прадавец у краме "Суседзі".
Падаражанне было і ў іншых крамах. Імпартныя 800 грамаў грэчкі каштавалі ў раёне 10 000 рублёў, а з новым завозам грэчка ўжо на 4 тысячы даражэйшая! У крамах паціскаюць плячыма — маўляў, вырасла закупачная цана.
Крызіс у грэчцы моцна нагадвае дэфіцытны на гэтую крупу 2011 год. Аднак тады прычынай усяму стала моцная засуха і гібель ураджаю. На фоне ажыятажнага попыту на крупы цана грэчкі ў параўнанні з пачаткам 2011 года паднялася ўтрая – да 25 000 рублёў! Праўда, да канца года цэны на грэчку адкаціліся да 19 тысяч за кілаграм.
На Гомельскім камбінаце хлебапрадуктаў таксама гавораць пра ажыятаж — грэчка патрэбная ўсім, але тут вінавацяць... Расію. Маўляў, у Расіі заварушыліся, і нашыя падцягнуліся ў стварэнні штучнага крызісу! Але тут жа здзіўляюць: адпускная цана не змянялася ўжо некалькі месяцаў.
"У мяне адпускная цана ў раёне 8000 рублёў, і яна не мянялася ўжо даўно. Я б і рады яе памяняць, але не магу! А вось раздробны гандаль можа круціць гандлёвую надбаўку колькі хочаш. Можа і 200% накруціць", — кажуць Еўрарадыё на прадпрыемстве. Тым больш выгадна накруціць цану на грэчку ў час так званага ажыятажу.
"Грэчка ёсць, нікуды яна не падзелася. Але калі раней яе ў Расіі можна было прадаць па 500 долараў груба кажучы, а цяпер яе цана ўпала да 250, натуральна, трэба стварыць ажыятаж, каб цана падскочыла зноў. Законы эканомікі", — разважаюць на Гомельскім камбінаце хлебапрадуктаў.
Крызісным "жарсцям па грэчцы" ў Галоўным упраўленні хлебапрадуктаў пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі нават узрадаваліся! Як расказвае Еўрарадыё спецыяліст аддзела мукамольна-крупяной, хлебапякарнай і макароннай прамысловасці Алена Ярашэвіч, запасаў беларускай прадукцыі хапае.
"У нас запасаў грэчкі — на год з лішкам! І ў Расіі, і ва Украіне яе хапае! І тое, што імпартная грэчка даражэе, нам толькі на руку! Мы сваю прададзім! У нас жа яна ў цане не змянялася!"