Што напісана ў дырэктыве аб дэбюракратызацыі

23 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №135. Ён уносіць змены і дапаўненні ў Дырэктыву №2 ад 27 снежня 2006 года "Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату".

Што хаваецца за вялікай колькасцю слоў і якія канкрэтна меры павінныя прымацца? Еўрарадыё пачытала гэты ўказ.

Прычына?

Афіцыйная прычына з'яўлення дырэктывы — скаргі людзей на ЖКГ, гандаль, транспарт, якасць медыцынскага і іншага абслугоўвання, якасць будаўніцтва і фармалізм дзяржапарату. Але з вялікай колькасці паправак можна зрабіць выснову, што ранейшы дакумент працаваў не так эфектыўна.

Што абавязвае рабіць ўказ?

Часцей праводзіць жывыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з грамадзянамі з прыцягненнем СМІ.

Пытанні якія адносяцца да кампетэнцыі службовай асобы і не патрабуюць дадатковай праверкі, павінныя вырашацца адразу.

Прыём грамадзян павінен быць у зручны час і пачынацца не пазней за 8 раніцы або заканчвацца не раней за 8 вечара.

Чэргаў быць не павінна. Грамадзяне не павінныя доўга чакаць пакуль іх прымуць у дзяржорганах. Праўда, незразумела, якім чынам гэта павінна вырашацца.

Выпадкі, калі людзей неабгрунтавана выклікаюць у дзяржорганы (суд, міліцыя, КДБ і іншыя) павінныя быць выключаны, як і знаходжанне людзей там звыш усталяванага законам часу.

Калі заканадаўства можна трактаваць па-рознаму, то рашэнне павіннае прымацца на карысць грамадзян.

Стаўленне да грамадзян павіннае быць добразычлівым. Па кожным выпадку фармалізму і прадузятасці павінныя праводзіцца праверкі.

Кіраўнікі дзяржорганаў

Праводзіць асабісты прыём кожную сераду з 8:00 да 13:00.

Жывыя тэлефонныя лініі кожную суботу з 9:00 да 12:00.

Выязныя асабістыя прыёмы мінімум раз у квартал.

У месцах прыёму грамадзян павінныя быць парковачныя месцы, пітная вада і іншыя выгоды. Туды павінен быць зручны доступ для людзей з інваліднасцю.

Дэпутаты

Абавязкі дэпутатаў не зусім зразумелыя. Ім рэкамендуюць захоўваць пытанні грамадзян на кантролі да поўнага вырашэння, вырашаць актуальныя пытанні насельніцтва на месцах і стымуляваць зацікаўленасць людзей развіваць рэгіёны. Навошта ж нагадваць дэпутатам аб тым, што быццам і так іх праца?

Дзяржаўныя СМІ

Павінныя інфармаваць у трохдзённы тэрмін аб навінах пра парушэнні работнікамі дзяржорганаў патрабаванняў заканадаўства.

Увогуле ва ўказе не вельмі шмат канкрэтыкі. Ён настойліва рэкамендуе дзяржорганам спрашчаць адміністрацыйныя працэдуры і скарачаць колькасць дакументаў, прытрымлівацца прынцыпу аднаго акна, які быццам даўно ўведзены, але, атрымліваецца, не ўсюды працуе.

Таксама ўказ абавязвае дзяржорганы актыўна развіваць электронны дакументаабарот, даваць людзям усю інфармацыю на інтэрнэт-сайтах, пашыраць практыку грамадскіх абмеркаванняў у інтэрнэце праектаў законаў.

Для кантролю павінныя ўкараняцца аўдыё- і відэафіксацыя, сістэма рэйтынгавай ацэнкі праз анкетаванне і інтэрнэт-апытанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі