Што расце хутчэй: заробак інжынера ці камуналка?
Мінскі інжынер заўважыў, што заробак у яго нават упаў, але камуналка ўсё роўна расце.
"У нас дакладна вызначаныя ўмовы росту тарыфаў на камунальныя паслугі — не болей за 5 долараў на год (то бок на 75 тысяч рублеў). Але калі заробак рэзка вырасце, мы ў праве праіндэксаваць тарыфы на паслугі прапарцыйна росту заробкаў”, — кажа міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў. Заробак беларусаў за мінулы год вырас на 16%, а камунальныя плацяжы, як кажуць Еўрарадыё ў Мінэканомікі, — на 34,2%. Не супадае.
У Мінэканомікі тлумачаць: падаражанне тарыфаў на 5 долараў не ўваходзіць у індэксацыю тарыфаў ад заробкаў. Калі браць на ўвагу гэты факт, тады чыстая арыфметыка.
З 1 сакавіка ўрад ужо праіндэксаваў тарыфы на газ, ацяпленне і электрычнасць. Падлічваем, што індэксацыя на самай справе адбылася ў межах росту заробкаў — на 1,2%. А вось тарыфы на ваду, тэхабслугоўванне яшчэ будуць расці. Чакайце!
Але ці павысіўся заробак, да прыкладу, у інжынераў на тыя 1,2%? Мінчанін Васіль працуе на дзяржпрадпрыемстве, яго жонка Наталля ў дэкрэтным адпачынку. Заробак Васіля каля 7,5 мільёнаў рублёў. За год заробак не тое што не рос — падаў!
“Упалі заробкі, бо залежаць ад выпрацоўкі. А яе няма. Калі ў доларах — і ў тры разы падзенне. Раней займаліся капітальнымі рамонтамі ўнутры кватэр, а цяпер колькасць работ пры капрамонце скарацілі. Таму няма росту заробку”, — інжынер дадае, што і ў сяброў-знаёмых заробкі апошнія месяцы толькі падалі.
Васіль з сям’ёй (а гэта жонка і сын) жыве ў звычайнай двушцы. За камунальныя плацяжы яны аддаюць каля 600 тысяч рублёў. Найбольш адчувальна за апошні год выраслі электрычнасць, ацяпленне і вада. Гэтыя паслугі за 2014 год даражэлі тройчы.
Па назіраннях Васіля, цяпер на камунальныя плацяжы ідзе каля 8% яго заробку. Быццам і няшмат.
“За святло 220 тысяч рублёў, за камуналку — каля 350 тысяч. У мяне паўсюль энергазберагальныя лямпачкі. Калі на святле неяк можна сэканоміць, дык па вадзе ніяк! — скардзіцца Васіль. — Вельмі дарагая вада, укласціся ў нормы вельмі складана з маленькім дзіцем. А калі ў нормы не ўкладаемся, плаціць даводзіцца вельмі і вельмі многа”.
Фота: onliner.by