У Мінску затрымалі лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку

Журналістаў вызвалілі з пастарунка, Шумчанку пакінулі. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавёў журналіст Радыё "Свабода" Ігар Карней.



Па яго словах, пры затрыманні ў гандлёвым цэнтры "Паркінг" Шумчанку спрабавалі абвінаваціць ва ўчыненні злачынства.



Ігар Карней: "Мы прыпаркаваліся ў гэтым "Паркінгу", зайшлі ў ліфт, і адразу ж туды забеглі два супрацоўнікі ў цывільным, сказалі: усім на выхад. Калі Шумчанка пачаў дапытвацца, на падставе чаго яго затрымліваюць, яму сказалі — падазрэнне ў здзяйсненні злачынства. Мы паказалі журналісцкія пасведчанні, але гэта на іх ніяк не паўздзейнічала. Яны папрасілі праехаць у Савецкі РАУС. Шумчанка неяк яшчэ вытаргаваў, што паедзе на ўласнай машыне ў суправаджэнні міліцыянта. А нас пасадзілі ў міліцэйскі "форд" і павезлі спачатку ў Савецкі РАУС. Але па дарозе прыйшла нейкая новая інфармацыя, што трэба перавозіць у Цэнтральны".



Па словах Карнея, журналісты правялі ў пастарунку дзве гадзіны — столькі часу ў міліцыі заняло высвятленне іх асобаў. А вось Шумчанку пакінулі надалей. Верагодна, кажа Карней, яму будуць інкрымінаваць нейкае правапарушэнне.

***

Старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка ўдзельнічаў у мітынгу на рынку Ждановічы. Пазней з'явілася інфармацыя пра яго затрыманне. Таксама міліцыянты схапілі журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, карэспандэнта "Народнай Волі" Алеся Сівага, Наталлю Касцюковіч з партала tut.by. Яны ехалі з рынку Ждановічы ў гандлёвы цэнтар "Паркінг". Іх спынілі міліцыянты і павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, інфармуе Радыё Свабода.

Фота — svaboda.org

***

Сёння раніцай Анатоль Шумчанка паведаміў Еўрарадыё папярэднія дадзеныя пра ўдзельнікаў страйку:


"Ёсць ужо папярэдняя інфармацыя. Касцюковічы страйкуюць. Баранавічы — цэнтральны калгасны і рынак каля аўтавакзала "Палескі", полацкі калгасны рынак. На "Ждановічах" чалавек 300 сабраліся, не працуе "Мір моды", палаткі не працуюць, нехарчовы рынак не працуе... Мы патрабуем мараторый на праверкі па тэхрэгламенту. Разумеем, што яны ўжо не паспеюць унесці змены, нам патрэбны мараторый".

Страйк: Не працуюць таксама рынкі ў Гомелі, Гродне, Магілёве
 

Паводле слоў Шумчанкі, у яго сёння а 15-й мусіць адбыцца сустрэча з кіраўніком дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандрам Груздовым. А за гадзіну да гэтага на Мяснікова, 39 лідар прадпрымальнікаў правядзе "прэс-канферэнцыю на прыступках".
 

Фота з сацыяльных сетак
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі