Шушкевіч: Спачатку мы не ведалі, што павінен рабіць парламент

120712 Shushyk s.mp3

Еўрарадыё: Як выглядала штодзённая праца дэпутатаў у Вярхоўным савеце ў 1990-я гады? Як часта яны ініцыявалі законапраекты ў параўнанні з сённяшнімі калегамі?

 

Станіслаў Шушкевіч: Сённяшнія так званыя дэпутаты мне не калегі, таму што гэта людзі, якія не з’яўляюцца дэпутатамі — якія прызначаныя дэпутатамі. З 1996 года ў нас няма парламента, гэта трэба разумець. А ёсць толькі тыя, што спяваюць хорам і падпяваюць галоўнаму. Дарэчы,  калі добра пачытаць Канстытуцыю, то гэтая “палатка” — наогул не патрэбны орган, як і Савет рэспублікі. Але што было ў нас? Мы спачатку фактычна не ведалі, што павінен рабіць парламент. Аднак мы вельмі хутка вучыліся і напрыканцы  Вярхоўнага савета XII склікання добра навучыліся. Спачатку, паколькі большасць дэпутатаў не мела аніякай юрыдычнай кваліфікацыі, мы звярталіся да былых дарадцаў, супрацоўнікаў Вярхоўнага савета, у пэўныя інстытуты. Была цяга ўпарадкаваць заканадаўства, каб у нас была прававая дзяржава, дзяржава, у якой пануе справядлівасць, вяршэнства закона, незалежны суд. І ўсе гэтыя крокі мы рабілі.

Акрамя таго ,абавязкова трэба было зацвярджаць бюджэт, і тут таксама праяўлялася вялікая недасведчанасць, таму што фактычна мы перанялі той Вярхоўны савет, які нічога не вырашаў, які быў у Савецкім саюзе.  Што яму партыя пісала, тое ён і зацвярджаў. А калі нават і не зацвярджаў, то партыя ўсё адно дзейнічала так, як хацела. І прыкладна такая ж сітуацыя цяпер — калі Вярхоўным саветам, прабачце, гэтай “палаткай” нешта не будзе зацверджана, прэзідэнт можа зрабіць, што захоча. Яны ў яго падпарадкаваныя людзі, і нічым садзейнічаць станаўленню прыстойнай Беларусі не здольны на тым месцы, якое займаюць.

 Еўрарадыё: Як часта самі дэпутаты ініцыявалі пэўныя законапраекты?

 

Станіслаў Шушкевіч: Перш за ўсё ў нас была фракцыя Беларускага народнага фронту, якая праяўляла вельмі добрую ініцыятыву. Яны былі не заўсёды на высокім узроўні разумення таго, што трэба рабіць, але ініцыятыва была пастаяннай. Яны прыслухоўваліся да прафесіяналаў. Але найчасцей гэтыя ініцыятывы Беларускага народнага фронту “з’ядаліся” пэўнымі іншымі камісіямі. Але шэраг з іх праходзілі. У рэшце рэшт усё зводзілася да таго, каб з дапамогай бюджэта падправіць нашы справы. Было жаданне паказаць, што людзі хочуць дапамагчы, а не разумеюць, як гэта трэба зрабіць. Разуменне гэта прыходзіць вельмі цяжка.

Я не думаю, што сённяшнія дэпутаты здольныя гэтай сваёй хеўрай рабіць нейкі аналіз. Я бачу, што робіцца, калі прыязджаюць замежныя эксперты і кажуць, што беларуская статыстыка паказвае ў сем разоў менш беспрацоўных, чым ёсць насамрэч. Калі статыстычны камітэт за мяжой памыляецца на некалькі адсоткаў, то ствараецца парламенцкая камісія, якая аналізуе, што яны нарабілі і чаму памыліліся. Альбо ці стваралася ў нас калі-небудзь парламенцкая камісія, каб прааналізаваць, ці правільна дзейнічаў урад, Адміністрацыя прэзідэнта, каб на самым высокім узроўні даць ацэнку гэтым дзеянням?  Гэтага няма, няма звычайнай  ардынарнай парламенцкай работы, таму што гэта не парламентарыі, а прэзідэнцкія слугі. Яны гэтага заслугоўваюць, за гэта іх і трымаюць ля кармушкі.

  Еўрарадыё: А як вы ставіцеся да таго, каб трансляваць паседжанні дэпутатаў па тэлебачанні?

 

Станіслаў Шушкевіч: Я заўсёды ставіўся да гэтага вельмі добра, і ў нас гэта адбывалася. Гэта не простая пазіцыя — трэба мець асобны канал, каб не забіваць людзям галаву паседжаннямі. Трэба мець кабельнае тэлебачанне, як гэта зроблена ў Польшчы, у іншых еўрапейскіх краінах. Там увесь час ідзе трансляцыя. У нас транслявалася спачатку толькі так званае “Рознае” — гэта паўгадзіны. Але ў нас былі такія дэпутаты якія мала працавалі, але шмат выступалі ў “Розным”.  Яны хацелі паказаць выбаршчыкам, якія яны добрыя, каб іх абралі на наступнае скліканне. Самае ж галоўнае — што няма незалежных СМІ, якія б нармальным чынам асвятлялі працу парламента. Дзе вы бачылі крытыку парламента?

Еўрарадыё: Ці варта, на вашую думку, трансляваць на тэлебачанні працу сённяшняга парламента?

 

Станіслаў Шушкевіч: Я думаю, што варта — усе б убачылі, што гэта пустое месца. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі