Сілавікі правялі вучэнні ў Магілёўскай вобласці па здушэнні бунтаў у турме

Скрыншот з відэа прэс-службы / Еўрарадыё
Скрыншот з відэа прэс-службы / Еўрарадыё

Прэс-служба МУС дала справаздачу, што ў Магілёўскай вобласці прайшлі вучэнні з удзелам вайскоўцаў унутраных войскаў і супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў па "спыненні групавых непадпарадкаванняў і масавых беспарадкаў у папраўчай установе".

"Падчас мерапрыемства адпрацаваныя розныя варыянты дзеянняў унутраных войскаў па лакалізацыі ўзброеных экстрэмістаў, вызваленні закладнікаў. Акрамя таго, акцэнтавалі ўвагу на тактыку выяўлення груп баевікоў, у тым ліку тых, якія выкарыстоўвалі беспілотныя лётныя апараты для разведкі, дастаўкі грузаў і каардынацыі дзеянняў экстрэмістаў", — сказана ў паведамленні прэс-службы.

Каментуючы заняткі, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў адзначыў, што не выключаюцца спробы "дэструктыўных сіл аднавіць пратэсную актыўнасць, у тым ліку з выкарыстаннем аб'ектаў папраўчай сістэмы"

Раней Следчы камітэт паведамляў, што ў Беларусі з 9 жніўня 2020 г. па 1 ліпеня 2022 г. было распачата 11 000 крымінальных справаў па "злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі