Сілавікі затрымалі дзвюх выкладчыц універсітэта — праваабаронцы
Надзея Старавойтава і Наталля Сівіцкая / @viasna96
Стала вядома пра затрыманне дзвюх універсітэцкіх выкладчыц. "Пакаяльныя" відэа з імі з'явіліся ў канале сілавікоў. Адна з затрыманых — выкладчыца беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук і дацэнт кафедры беларускай і рускай моваў Надзея Старавойтава. Другая — выкладчыца рускай мовы, кандыдат філалагічных навук Наталля Сівіцкая. На відэа звярнулі ўвагу праваабаронцы.
Абедзве кажуць, што ўдзельнічалі ў пратэстах. Акрамя таго, Надзея Старавойтава "прызнаецца", што падчас маршаў выходзіла на дарогу, а яшчэ была зарэгістраваная ў плане "Перамога" і падпісаная на "дэструктыўныя" каналы.
Нагадаем, у Беларусі цяпер каля 1,5 тысячы чалавек прызнаныя палітвязнямі — то-бок людзьмі, якія пераследуецца за погляды. Сёння праваабаронцы дадалі ў гэты спіс яшчэ 11 прозвішчаў. Дакладная, але далёка не поўная колькасць беларускіх палітвязняў цяпер складае 1484.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.