СК пра справу чыноўніцы Мінздароўя: Затрыманне не звязанае з закупкамі "Эўпенты"
Следчы камітэт пацвердзіў затрыманне высокапастаўленай чыноўніцы Міністэрства аховы здароўя Людмілы Равуцкай. Пра гэта напісала ў сацсетках афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова. Затрыманне адбылося 26 верасня.
Прадстаўніца СК адзначыла, што чыноўніца брала хабар больш за тры гады. "Паводле наяўных у распараджэнні следства дадзеных, азначаная службовая асоба на працягу больш за тры гады (з 2015 па 2018 гады) неаднаразова прымала матэрыяльныя каштоўнасці набывала выгады маёмаснага характару за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю. Дзеянні падазраванай кваліфікаваныя следствам па ч.1,2 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэкса Беларусі", — напісала Ганчарова.
Разам з тым яна падкрэсліла, што злачынствы, у якіх падазраюць затрыманую чыноўніцу, не звязаныя з працэдурай закупкі вакцыны "Эўпента".
Па словах Ганчаровай, следства будзе хадайнічаць перад пракурорам, каб Равуцкую ўзялі пад варту.
Пра затрыманне чыноўніцы стала вядома 28 верасня.
Найбольшую вядомасць Равуцкая атрымала у сувязі са скандалам вакол паўднёвакарэйскай вакцыны "Эўпента", якую калолі маленькім дзецям. Менавіта ўзначаленае ёю ўпраўленне Мінздароўя мела дачыненне да закупак гэтай вакцыны. Пасля яе ўжывання памёр маленькі хлопчык у Ганцавіцкім раёне, а дзяўчынка ў тым самым раёне была шпіталізаваная ў рэанімацыю.
Інтэрнэт-выданне "Ежедневник" абвінаваціла супрацоўнікаў медыцынскага ведамства ў свядомай закупцы несертыфікаванай вакцыны.