Скандал: беларускія паралімпійцы пранеслі расійскі сцяг (фота)
Скандал здарыўся на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра. Беларуская дэлегацыя ішла не толькі пад сцягам Рэспублікі Беларусь. Адзін з яе чальцоў нёс і расійскі сцяг. Як вядома, расійская паралімпійская зборная не прыехала ў Рыа, паколькі Паралімпійскі камітэт Расіі часова адхілены ад спаборніцтваў на падставе даклада аб дзяржаўнай падтрымцы ўжывання допінгу ў РФ.
Як інфармуе Бі-Бі-Сі, мужчына, які быў у складзе беларускай дэлегацыі, паспеў прайсці з расійскім сцягам некалькі дзясяткаў метраў. Пасля гэтага ў яго адабралі сцяг. Міжнародны паралімпійскі камітэт правядзе расследаванне інцыдэнту. Цяпер высвятляецца асоба парушальніка.
Раней паведамлялася, што беларускія паралімпійцы планавалі пранесці расійскі сцяг на цырымоніі адкрыцця Гульняў у знак падтрымкі расійскіх калегаў. Аднак Міжнародны паралімпійскі камітэт ім забараніў гэта зрабіць. Было падкрэслена, што інакш такі ўчынак расцэняць, як палітычны жэст. Кіраўнік Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель заявіў Еўрарадыё, што дэлегацыя будзе ісці толькі пад беларускім сцягам, а сам ён на віп-трыбуне будзе трымаць два сцягі — беларускі і расійскі.
Пакуль невядома, якія будуць санкцыі ў дачыненні беларускіх паралімпійцаў. Ёсць небяспека, што іх могуць адхіліць ад спаборніцтваў.
Belarus team carry a Russian flag into #rio2016 #paralympics opening ceremony in support of banned Russian squad pic.twitter.com/gpV9L3KfA5
— Rob Maul (@Rob_Maul) 7 сентября 2016 г.