Скарга з Капыля: у горадзе завёўся "Толя Бабёр", які знішчае дрэвы
Капыль. Фота: darriuss.livejournal.com
Днямі Еўрарадыё атрымала ліст з Капыля. У канверце на акуратным аркушы фармата А4 — скарга на вырубку дрэваў у горадзе і наваколлях:
“…кіраўніком раёну Ліневічам А.К. вынішчаюцца дрэвы ў Копыле і наваколіцах. Тутэйшыя людзі не могуць афіцыйна нікуды паскардзіцца бо застануцца без працы. А ён высякае бярозавыя гаі, знішчае дрэвы вакол дарогаў, вынішчае кустоўе дзе гняздуюцца птушкі. Да прызначэння ў Капыль гэты варвар працаваў у Дзяржынскім раёне і таксама там спляндраваў увесь раён, за што атрымаў мянушку Толя Бабёр. Зрабіце пра гэта рэпартаж бо далей гэта трываць проста немагчыма…” — сцвярджае аўтар скаргі (арфагрфія і пунктуацыя захаваныя).
Адпраўніком на канверце пазначаны Баброў Анатоль Канстанцінавіч, які пражывае ў Капылі на вуліцы Бярозавай. Гэта нас адразу насцярожыла. Баброў скардзіцца на высечку барозавага гаю, вуліца Бярозавая, "Толя Бабёр"... Усё гэта падобна на дурны жарт.
Еўрарадыё звязалася з адміністрацыяй Капыльскага раёна. У прыёмнай Анатоля Ліневіча нам прадказальна ніяк не змаглі пракаментаваць скаргу, і парэкамендавалі звярнуцца ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
А там нам распавялі, што (знянацку!) скарга на высечку дрэваў уздоўж дарог такі была. Яна паступіла на прамую тэлефонную лінію, якую праводзіў старшыня райвыканкама. І інспекцыя нават рыхтавала адказ на яе:
Выдаленне аб'ектаў расліннага свету праводзіцца згодна з праектам капітальнага рамонту аўтадарогі Н-8542 Капыль-Леніна-Селішча (вуліца Партызанская г. Капыля), які прадугледжвае кампенсацыйную высадку выдаленых дрэваў. Высечка дрэваў на аўтамабільнай дарозе Н-8547 Капыль- Блеўчыцы-Мацкевічы (каля в. Быстрыца) вядзецца на падставе звароту жыхара аг[рагарадка] Быстрыца.
— А хто вам даслаў гэтую скаргу? — цікавяцца ў Еўрарадыё ў інспекцыі прыродных рэсурсаў.
— Баброў Анатоль Канстанцінавіч, — шчыра адказваем мы.
На тым канцы трубкі ледзь стрымліваюцца, каб не рассмяяцца.
— Думаем, такога чалавека не існуе, — нарэшце, кажуць там.
— Чаму? — пытаем мы.
— Разумееце... Анатоль Канстанцінавіч — так завуць нашага старшыню райвыканкама. А Баброў... Гэта падобна на тое, як яго ў народзе называюць.
І сапраўды, Ліневіча завуць Анатоль Канстанцінавіч. Кіраваць Капыльскім раёнам ён прызначаны два гады таму, у сакавіку 2016 года. А да таго, як і сцвярджае аўтар скаргі, працаваў у Дзяржынскім раёне.
Жыхары Капыльскага раёна, з якімі звязалася Еўрарадыё, кажуць, што дрэваў у апошні час сапраўды высякаецца шмат. Часцей за ўсё гэта таполі — ломкія дрэвы, якія пад моцным ветрам могуць зламацца і перагарадзіць дарогу. Але здараюцца і вырубкі, якія падаюцца лішнімі. Камунальнікі высякаюць бярозы і ліпы, пра якія тамтэйшыя шкадуюць.
Што да скаргі, дык у інспекцыі прыродных рэсурсаў Еўрарадыё распавялі, што падобная высечка ў Капылі сапраўды адбываецца. Замест дрэваў ўздоўж праезнай часткі пракладаецца пешаходная дарожка. Але ўсё робіцца па дакументах, а высечка прадугледжвае кампенсацыйныя пасадкі.
У кастрычніку 2017 года на неабгрунтаваную высечку дрэваў звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, скандалы адбываюцца "пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Мінскам".
"Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, араць, — звярнуўся тады Лукашэнка да чыноўнікаў. — Замест таго каб парк дзесьці закласці ці ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам?"
Так што Капыль з гэтай сваёй зусім не першакрасавіцкай скаргай — цалкам у трэндзе. Беларусы зачакаліся сапраўднай вясны і зялёнага лісця на дрэвах. Але калі за зіму паспець высечы ўсе дрэвы, радавацца будзе няма чаму. А "кампенсацыйныя пасадкі" — суцяшэньне слабое: на юныя дрэўцы па збочынах дарог шкада глядзець, а пакуль яны вырастуць і змогуць рэальна кампенсаваць ссечанае, пройдуць гады.