"Склады — не праблема! Вунь колькі Аpple ў крамах ды на складах ляжыць!"

Амаль тыдзень прэм'ер-міністр працуе з карт-бланш ад прэзідэнта, але пакуль ніякіх радыкальных рашэнняў не дачакаліся. Каб дапамагчы прэм'еру, Еўрарадыё збірае прапановы ад эканамістаў ды мінчукоў на вуліцы.

“Пабудаваць яшчэ адзін склад?” — лыпаюць вачыма дзве маладыя дзяўчыны.

Хлопцы-студэнты болей катэгарычныя:

“Гэта ж проста: спачатку ўсё распрадаць, а потым працаваць над якасцю”.

Цікава, што мінчукі разважаюць, як чыноўнікі ды эканамісты!

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў папярэджвае, што не ў тэме: маўляў, зараз піша прагнозы, якой будзе Беларусь у 2030-х гадах, ніякіх рэкамендацый даваць не будзе:

“Склады? Я нават не ведаю, колькі там ляжыць! Хоць я не ў  тэме, але я ведаю, што там не болей за 70% месячнага запаса. Паглядзіце еўрапейскую статыстыку — нічога страшнага там няма! Іншая справа, што яны не вельмі багатыя заводы, і ім калі нават 70% змярцвела — гэта ўжо цяжар. Былі б пабагацей, як які Apple — вунь колькі Apple ляжыць па ўсім свеце на складах і ў крамах. І Apple гэта не вельмі хвалюе!”.

Еўрарадыё: Дык што, не хвалявацца, што няма куды дзяваць трактары?

Міхаіл Кавалёў: "Трэба хвалявацца, бо ў нас невысокая рэнтабельнасць і жывём з абароту: зарабілі-праелі, зарабілі-праелі. Але гэта не мая тэма. Вось глабальна! Я Еўрасаюзу распавяду, у якой ён вялікай дзірцы знаходзіцца і як ён будзе выглядаць у 2030-2050-я гады, спасылаючыся на іх жа прагназавальныя цэнтры. Вось гэта я магу пракаментаваць!"

На думку эканаміста Сяргея Чалага, іншага варыянту няма, як толькі зніжаць кошт на неліквідную прадукцыю: не прадаюцца па адным кошце, прадаюцца па іншым.

Склады разгрузілі, зноў затаварылі — і што рабіць далей? Пытанне ў выніку прыводзіць да таго, што прадукцыя неканкурэнтназдольная. На думку Чалага, мяняць трэба ўсю сістэму: ад таго моманту, што на працы болей занята людзей, чым трэба, да завышаных заробкаў.

"Усё ўпіраецца ў тое, што старая сістэма: калі ўсе дырэктары працавалі на план, а куды потым гэта дзяваць, мала хто думаў не працуе", — кажа Сяргей Чалы.

"Урад павінен падаць у адстаўку, і замест узяць маладых адукаваных людзей. А гэты стары рыдыкюль, дыназаўр беларускі кіроўчы — за 20 гадоў можна было зразумець, што ён не працуе", — кажа Леанід Заіка. Эканаміст заўважае: калі няма якасці прадукцыі, няма пра што і гаварыць.

Эканаміст Леанід Злотнікаў бачыць праблему ў адсталасці па якасці і непрацуючай мадэлі эканомікі. Беларуская мадэль — гэта сацыялізм, а сацыялізм толькі разбурае эканоміку.

Леанід Злотнікаў: "Праблема ў тым, што мы плывем на ўсход на караблі, што ідзе на захад. СССР разваліўся, усе пайшлі па шляху рынкавай эканомікі — і толькі Беларусь павярнула назад. 20 гадоў да рынкавай эканомікі пераходзім, а ў выніку незразумела куды ідзём".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі