"Слава Украіне! Жыве Беларусь!" — крычаў у апошнім баі беларус Васіль Парфянкоў

Алена Гергель і Васіль Парфянкоў з сыном Міланам і дачкой Саламіяй / hromadske.ua
Алена Гергель і Васіль Парфянкоў з сыном Міланам і дачкой Саламіяй / hromadske.ua

Удава беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова ("Сябро") Алена Гергель распавяла hromadske.ua пра яго, пра даваеннае жыццё і пра тое, як яна жыве з горам. Парфянкоў загінуў у чэрвені 2022-га пад Лісічанскам. Група байцоў палка Каліноўскага на чале з "Брэстам" была ў разведцы і натрапіла на пераважаючыя сілы расійскіх вайскоўцаў, узмоцненыя танкамі. Васіль Парфянкоў адразу быў паранены — на нагу яму наклалі турнікет, іншым ён перацягнуў сабе руку сам.

"Я пагаварыла з сябрамі-медыкамі, і яны дакладна пацвердзілі, што з такімі крытычнымі крывацёкамі ў яго не было шанцаў", — кажа ўдава. Парфянкоў да канца адстрэльваўся з кулямёта і крычаў "Слава Украіне! Жыве Беларусь!". Яго апошнімі словамі, сказанымі па рацыі, былі: "На нас ідзе варожы танк, працуем па ім".

"Хачу несці памяць пра Васіля, распавядаць аб ім, дзе толькі можна, — кажа Алена Гергель. — Каб свет ведаў, што быў такі надзвычайны хлопец, які змагаўся за Украіну. І яшчэ мяне трымае тое, што хачу ўбачыць, як Расія распадзецца".

Удава гаворыць, што невядома, дзе цела загінулага. Расіянам прапаноўвалі вярнуць яго за грошы. Магчыма, яно засталося на месцы бою. А пакуль не зменіцца лінія фронту, патрапіць туды немагчыма (тая тэрыторыя дагэтуль кантралюецца расійскімі акупантамі). Афіцыйна Васіль Парфянкоў лічыцца зніклым без вестак.

Гергель расказала ўкраінскаму выданню, што Парфянкоў — былы беларускі палітвязень, працяглы час змагаўся супраць рэжыму Лукашэнкі. Яны пазнаёміліся ва Украіне ў 2015 годзе. У іх нарадзіліся сын і дачка. Васіль вырашыў ваяваць за Украіну, бо для яго гэта быў адзіны шлях вызваліць Беларусь, кажа ўдава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі