Следчы камітэт адмовіўся пачынаць справу за збіццё брэсцкага журналіста
Следчы камітэт не знайшоў падставаў для таго, каб пачаць крымінальную справу па факце збіцця рэдактара сайта “Рэальны Брэст” Дзяніса Марука, перадае прэс-служба БАЖ.
Як распавядала Еўрарадыё, на адным з вясновых мітынгаў "недармаедаў" журналіст паказаў непрыстойны жэст чалавеку ў цывільным. Як выявілася пазней, гэта быў пераапрануты міліцыянт. Пазней за гэтае правапарушэнне Марука пакаралі штрафам у дзве базавыя велічыні.
Таксама міліцыянты неаднойчы выклікалі Марука "на размову" пасля выхаду на сайце рэпартажа пра "марш недармаедаў" у Брэсце. 28 сакавіка мужчына прыйшоў у міліцыю па іншых справах і быў затрыманы.
Журналіст кажа, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС білі яго галавой аб сцяну, кінулі на падлогу, спрабавалі сталовай лыжкай расціскаць зубы, каб забраць схаваную ім флэш-карту.
Пасля гэтага Марук зафіксаваў пабоі і хацеў, каб пакаралі міліцыянтаў, якія збілі яго ў пастарунку. Следчы камітэт амаль тры месяцы разглядаў яго заяву і нарэшце даў адказ, што няма падставаў заводзіць справу.
“З адказу вынікае, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закона, а ўсталяваныя ў Ленінскім РАУС відэакамеры не зафіксавалі фактаў майго збіцця", — журналіст. Марук адзначае, што апошнім часам следчыя вельмі цікавіліся падрабязнасцямі яго судова-медычнай экспертызы: яны былі схільныя разглядаць версію, быццам мужчына сам сабе нанёс пашкоджанні і зрабіў ілжывы данос на супрацоўнікаў міліцыі. Аднак у выніку на яго справу таксама вырашылі не пачынаць.