"Яны ж не Дзеды Марозы!": як міліцыя патрабавала зняць маскі з гурта Zanzibar

"Яны ж не Дзеды Марозы!": як міліцыя патрабавала зняць маскі з гурта Zanzibar

24 лістапада падчас канцэрта, прымеркаванага да Дня герояў — чарговых угодкаў Слуцкага паўстання — міліцыя па тэлефоне запатрабавала ў музыкаў гурта Zanzibar зняць маскі. Арганізатары паспрабавалі пярэчыць: маўляў, у хлопцаў такі сцэнічны імідж — але ў выніку ўсё саступілі патрабаванням праваахоўнікаў.

Zanzibar пагадзіліся зняць маскі, але папрасілі гледачоў не фатаграфаваць іх твары і не здымаць відэа. Канцэрт працягнуўся. Пасля таго, як хлопцы скончылі сэт, вядоўца імпрэзы Павел Свярдлоў іранічна заўважыў, што праз прынцыпы слуцкіх міліцыянтаў у Слуцк ніколі не прыедуць Slipknot і Limp Bizkit...

27 лістапада слуцкая міліцыя заяўляе, што ніхто з іх боку арганізатарам канцэрту не тэлефанаваў: "Гэта закрыты канцэрт. Удзельнікі могуць там рабіць што заўгодна ў межах заканадаўства. Адкуль такая інфармацыя ў вядоўцы, спытайце ў яго самога", — адказаў на пытанне kurjer.info намеснік начальніка Слуцкага РАУС Андрэй Заяц.

Аднак у арганізатаркі канцэрта Аліны Нагорнай захаваўся запіс тэлефоннай размовы:

— Алё, Аліна?

— Так.

— З РАУС (прозвішча супрацоўніка). Вы ведаеце, у нас у масках заборонена выступаць?

— Як гэта забаронена? Гэта сцэнічны вобраз. Дзед Мароз таксама мусіць быць без барады?

— Не, Дзед Мароз — гэта Дзед Мароз.

— Чаму Дзеду Мароза можна быць з барадой, а людзям у масках нельга?

— Таму што яны ж не Дзеды Марозы і зараз не Новы год.

Журналісты затэлефанавалі на нумар, з якога падчас канцэрту тэлефанавалі Аліне Нагорнай. Яго гаспадаром насамрэч з'яўляецца супрацоўнік Слуцкага РАУС. Ён адказаў ім сцісла: "Без каментароў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі