СМІ: Марадона будзе жыць у Мінску ў доме за 20 млн долараў (фота)
Старшыня праўлення ФК "Дынама-Брэст" Дыега Марадона будзе жыць у Мінску ў доме за 20 млн долараў. Пра гэта піша аргентынская газета Clarín. Яна інфармуе, што ў ім 7 пакояў і басейны з падагрэвам. А побач — аэрадром (!) для прыватнага самалёта (на ім ён збіраецца лятаць на працу ў Брэст). Цікава, ці сапраўды ў сталіцы ёсць такі дом з аэрадромам? Выданне змяшчае і некалькі здымкаў са згаданага дома. Вядома, што вясной для Марадоны шукалі дом у Брэсце.
У Дыега Марадоны будзе два аўтамабілі — BMW і Rolls Royce Phantom, якія ён прывёз з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. А ў Беларусі ў яго распараджэнне прадаставілі "гіганцкае аўто" — Hunta БМЕ-1015.
Як вядома, нядаўна Марадона прабыў у Беларусі два дні, паўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, наведаў футбольны матч, паразмаўляў з футбалістамі брэсцкага "Дынама". У Аргентыне ён правядзе 15-дзённы адпачынак. 2 жніўня Дыега Марадона прыляціць у Афіны на матч "Дынама" ў 2-м раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы з "Атрамітасам". Пасля гэтага ён зноў прыедзе ў Беларусь і спадзяецца сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле кантракту Марадона будзе адказваць за фармаванне складу каманды, за пераходы футбалістаў, за развіццё дзіцячага футбола.