“SMS-мінёр” з мінскага метро аказаўся "нармальным татам дваіх дзяцей"

Следства па справе “SMS, якое паралізавала метрапалітэн” завяршаецца. Хоць фігурант і не збіраўся нічога ўзрываць, ён ужо больш за пяць месяцаў знаходзіцца ў СІЗА. Днямі дакументы па яго справе могуць перадаць у суд.

Паведамлялася, што “sms-мінёр” — ураджэнец Караганды, які працуе на адным са сталічных прадпрыемстваў. Як высветліла Еўрарадыё, чалавека завуць Канстанцін Сіманаў, і працаваў ён страпальшчыкам на Трактарным заводзе.

Некаторыя СМІ з падачы праваахоўнікаў выставілі мужчыну пітушчым і асацыяльным элементам, якога пазбавілі бацькоўскіх правоў. Але ці праўда гэта?

На загалоўных фотаздымках Канстанціна Сіманава ў сацыяльных сетках бачым Даніяра (8  год) і Аяну (6 год). З чаго б гэта?

“Насамрэч Канстанцін нармальны чалавек, якіх на дварэ ходзяць тысячы. Сваіх дзяцей ён падымаў на ногі сам. І яго не пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Наадварот, ён адабраў дзяцей у жонкі”, — расказвае пра “sms-мінёра” яго знаёмая Юлія.

Як стала вядома Еўрарадыё ад крыніцы са Смалявіцкага райвыканкама, Канстанціну сапраўды збіраліся вярнуць дваіх яго дзяцей. Спецыялісты вызначылі, што ён не з’яўляецца асацыяльным элементам, вядзе здаровы лад жыцця і "стварае ўражанне нармальнага бацькі". А забіралі дзяцей на паўгода праз канфлікт з казахстанскай жонкай, якая таксама жыла ў Смалявічах. Жанчыну сапраўды пазбавілі бацькоўскіх правоў праз асацыяльны лад жыцця.

“Ці вядома вам нешта пра змест sms?” — цікавімся ў Юліі.

Вось што ён расказваў сястры, калі яны бачыліся: нібыта ён ехаў з трэніроўкі, на плячы была вялікая сумка. Ну, яго і дагледзелі на ўваходзе. Ён уразіўся і пачаў апісваць гэта ў sms ці то дзяўчыне, ці то сяброўцы: “Дагледзелі сумку, думалі, я бомбу вязу, як тэрарыст”. Дакладнасць гэтых словаў не гарантую”.

Калі Канстанціна не выпусцяць, то дзетак хутчэй за ўсё перададуць яго сястры Любові, якая сама выхоўвае траіх. 

Нагадаем, што раней Еўрарадыё паразмаўляла са студэнткай Аленай Мацкела, якая і пабачыла падазронае sms у метро. Паводле версіі дзяўчыны, у sms былі такія словы, як “у мяне бомба”, “дзе ўзарваць”, “код актываваны” і іншае. Таму Алена і вырашыла дзейнічаць: узяла сябе ў рукі, выйшла на перон і расказала пра сітуацыю ахове метрапалітэна. 

Раім пачытаць: "Мне нават здалося, што ён хоча, каб я пабачыла тую sms пра бомбу ў метро"

Гэтыя  падзеі разгортваліся 26 лютага. Метрапалітэн, “Мінсктранс” і аператыўныя службы падлічылі свае страты — больш за 300 мільёнаў рублёў. І гэта яшчэ адзін аргумент не на карысць абвінавачанага. 

Крымінальная справа была распачатая па артыкуле “Загадзя лжывае паведамленне аб небяспецы”, Канстанціну пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У грамадстве навіна пра падазронае sms у метро выклікала рэзананс і спрэчкі. Некаторыя крытыкавалі студэнтку, якая глядзела ў чужы мабільны тэлефон, і выказвалі здагадкі, што жартаўлівае sms няправільна зразумелі. Нехта, наадварот, усхваляў пільнасць і адважнасць студэнткі.

P.S. Дарэчы, злашчаснае sms журналістам так і не паказалі. Гэта матывуецца тым, што “так нельга па законе”. Тым часам ламаюцца лёсы шэрагу людзей, у тым ліку малагадовых. А можа быць, тэкст sms не такі ўжо і адназначны? Тым больш калі ўлічваць версію “мінёра”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі