Спрэчкі ў Мытным саюзе: Для Беларусі захавалі жорсткія нормы па стронцыі

У пачатку года Савет Міністраў паведаміў пра намер вырашыць пытанне са стронцыем у прадуктах харчавання. Праблема палягала ў несупадзенні беларускіх нормаў (РДУ-99) з нормамі, прынятымі для Еўразійскай эканамічнай прасторы.

Нагадаем, што ў тэхрэгламенце Мытнага саюза №880 “Аб бяспецы харчовай прадукцыі” выявіліся істотныя несупадзенні з беларускімі законамі. Праз неабачлівасць “саюзных” заканадаўцаў нормы па стронцыі ў дзіцячым харчаванні паслабілі больш як у 13 разоў, у малацэ — больш як у 5 разоў. Спіс можна доўга працягваць. 

У выніку сёлета, як стала вядома Еўрарадыё ад кампетэнтных крыніц, праз наша Мінздароўя правялі рашэнне пра захаванне звыклых для Беларусі норм РДУ-99. Пускаць у продаж забруджаную стронцыем прадукцыю ў нас, па ідэі, не могуць. Калі выплывуць парушэнні, харчовым прадуктам ходу даць не павінныя.

Але ці прапанаваў беларускі бок канкрэтныя змены ў спрэчны тэхрэгламент №880 Мытнага саюза?

Задаем гэта пытанне Еўразійскай эканамічнай камісіі. Высвятляецца, што на калегіях цягам апошніх месяцаў пытанні, звязаныя з харчовымі прадуктамі, не ўздымаліся. А што да тэхрэгламенту, які нас цікавіць, то апошнія змены ўносіліся ў мінулым годзе.

“ЕЭК не атрымлівала ад Савета Міністраў Беларусі нейкіх навуковых абгрунтаванняў і прапановаў па гэтай тэме, — паведамляе Еўрарадыё прадстаўнік прэс-службы ЕЭК Сяргей Цыплянкоў. — У ліпені 2014 года завершанае, у прыватнасці, публічнае абмеркаванне Праекта зменаў №2 у тэхрэгламент №880. Але ніякіх зменаў па стронцыі там няма”.

Пагадзіцеся, стронцый у прадуктах харчавання — гэта не такое гарачае пытанне, як пастаўка нафты ці малочнай ды мясной прадукцыі. Прынамсі сёння. Да таго ж менавіта беларускія навукоўцы з прычыны Чарнобыльскай катастрофы лічацца самымі кампетэнтнымі ў пытаннях радыяцыйнай бяспекі. А пераадоленне наступстваў катастрофы ў нас ўзвялі ў адзін з пастулатаў ідэалагічнай канцэпцыі. Аднак нават па такім прынцыповым пытанні беларускія чыноўнікі не сталі змагацца за свае інтарэсы ў межах заканадаўства Мытнага саюза.

Як паведаміла Еўрарадыё кампетэнтная крыніца з аднаго ўплывовага ведамства, якое таксама далучалася да абмеркавання праблемы, недаробленая справа яшчэ можа здорава адгукнуцца.

“Калі з нейкіх прычын гаворка пойдзе пра абнаўленне РДУ-99, то юрысты перамелюць іх у бок дакумента, які мае большую юрыдычную моц, то бок тэхнічнага рэгламенту №880. Таму што гэта міжнароднае абавязанне, якое карыстаецца большым прыярытэтам”. 

Нагадаем, што звесткі пра сур’ёзнае несупадзенне нормаў па стронцыі ўсплылі ў СМІ пасля журналісцкага расследавання Еўрарадыё ўвесну 2013 года. Бульба, здадзеная на даследаванне па радыёнуклідах, паказала шматразовае перавышэнне нормаў па стронцыі. Але ў лабараторыі спаслаліся на тэхрэгламент №880, які дазволіў лічыць такія паказчыкі нармальнымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі