Спявачка Маргарыта Ляўчук адмяніла свае канцэрты ў Польшчы
Маргарыта Ляўчук / Народная газета
Спявачка Маргарыта Ляўчук адмяніла свае канцэрты ў Польшчы. У яе праблемы з голасам — "дыягнаставалі паліп на галасавых звязках". Пра гэта Ляўчук напісала ў Facebook. Лекарка ёй "забараніла нават размаўляць, не тое што спяваць". Магчыма, удасца пазбегнуць аперацыі.
"Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць, — піша Маргарыта Ляўчук. — Быццам бы жыццё абарвалося пасля словаў доктаркі, што ўсё сур’ёзна. Голас — маё жыццё. Гэта траўма, па-першае, псіхалагічная".
Канцэрт да Дня Волі ў Варшаве цалкам адменены. Раней яго адмянялі з-за пагрозы тэракту, а пасля зноў анансавалі. Таксама Ляўчук не выступіць на канцэрце ў Гданьску. Там яе заменіць Лявон Вольскі.
Маргарыта Ляўчук у 2020-м падтрымала мірныя пратэсты ў Беларусі, яна была вымушаная пакінуць РБ. Летась у Беларусі спявачку абвясцілі ў вышук як абвінавачаную па крымінальнай справе пра "здзек над дзяржаўнымі сімваламі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.