Стадыён “Дынама” пачынаецца з дзіўнай “рэканструкцыі будынка білетных кас”
Гэта будзе “шкляны” шасціпавярховы будынак з падземнымі гаражамі.
“Малады чалавек, што вы тут фатаграфуеце? На памяць?! Якая да чорта памяць, адны руіны… Раней трэба было фатаграфаваць”, — такой тырадай сустракае мяне сталага веку жанчына, якая ледзьве не з уласнага жадання назірае за парадкам на закінутым стадыёне. Калі пачнецца рэканструкцыя, яна не ведае. Толькі рукой махае. І хаваецца ў падтрыбунных памяшканнях.
Былы галоўны стадыён краіны цяпер нагадвае нешта апакаліптычнае і больш падобны на постчарнобыльскія кадры з закінутай людзьмі Прыпяці.
“Калі прымаюцца рашэнні пра пачатак будаўніцтва, чыноўнікі згодна ківаюць галовамі. А як толькі бяруцца за справу, то раз за разам пачынаюць бегаць з просьбамі аб пераносе тэрмінаў, пераглядзе праектаў”, — панура дакарае чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ у 2012 годзе яму паказвалі гатовы венгерскі праект новага стадыёна “Дынама” і абяцалі, да канца 2014-га тут будзе футбол! А ў 2011 годзе намеснік старшыні АБФФ Сяргей Сафар’ян расказваў пра планы правесці на абноўленым “Дынама” фінал Лігі Еўропы 2015 года. З таго часу са стадыёна прыбралі аварыйны казырок і каля паловы пластыкавых крэслаў. І ўсё.
Але прыкметы будаўніцтва на тэрыторыі вакол стадыёна “Дынама” усё ж ёсць. З боку вуліцы Свярдлова выкапаны вялізны катлаван, ля якога самотна стаяць тры жоўтыя экскаватары. Калі верыць інфармацыйным шыльдам, тут будзе гасцінічны комплекс. Калі будзе, гэта нават старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас не ведае:
“Трэба прама прызнаць, што ў заяўленыя першапачаткова тэрміны новы стадыён пабудаваны не будзе. Федэрацыя, як адзін з трох заснавальнікаў таварыства “Дынама-Арэна” незадаволеная тым, як ідзе праца. Не столькі нават па дэмантажы, колькі па праектаванні новага стадыёна”, — расказвае ён тыдзень таму на паседжанні федэрацыі.
Але не ўсё так дрэнна. Напрыклад, “рэканструкцыя будынка касавага павільёна” стадыёна “Дынама” ідзе поўным ходам. І выглядае, будзе завершаная ў тэрмін — да канца чэрвеня. Замест сціплага аднапавярховага будынка з’явіцца шыкоўны шасціпавярховы, ды яшчэ з падземным паркінгам.
Ці знойдзецца там месца для білетных кас стадыёна, не ведаюць нават у таварыстве “Дынама”. За інфармацыяй пасылаюць да інвестара — фірмы “Белэкаіндустрыя”. Яна вядомая тым, што трымае ў сталіцы сетку буцікоў дарагой вопраткі і абутку. Такіх, як MaxMara, альбо Baldinini. Нічога дзіўнага, што згодна з праектнай дакументацыяй “рэканструкцыя будынка білетных кас” ператворыць яго ў гандлёва-адміністрацыйны комплекс. Шкада, са стадыёнам такі фокус не пракаціць. Можна было значна паскорыць рэканструкцыю.
Не ведаюць пра рэканструкцыю нават гандляры з дынамаўскага рынка. Кажуць, што іх ужо перасталі ганяць, рынак працуе штодня з 5-ай да 17-ай гадзіны. Толькі колькасць намётаў скарацілася — частка дынамаўскіх прадпрымальнікаў змяніла месца гандлю, не дачакаўшыся абяцанай рэканструкцыі.
"Рэканструкцыя будынка білетных кас".
Яна мае завяршыцца да 30 чэрвеня.