Стала вядома пра стан палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк / t.me/ATN_BTRC/

Стала вядома пра стан палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Андрэй Шарэнда спасылаецца на крыніцу, якая бачыла яго жонку ў Гомельскім СІЗА.

"З прычын бяспекі называць чалавека не магу, але звесткі дакладныя, кажа ён у каментары Радыё Свабода. — З добрых навін — што Паліна жывая, з дрэнных — што яе стан у псіхалагічным сэнсе вельмі і вельмі складаны, цяжкі. Яе працягваюць мучыць, фактычна катаваць. Як яшчэ гэта назваць, калі зноў не вызвалілі, хоць тэрмін скончыўся, а закінулі ў следчы ізалятар і будуць зноў судзіць? Толькі катаваннем. І на сваякоў таксама маральна ціснуць"

Па словах Шарэнды, сваякі яго жонкі спрабавалі перадаць ёй харчовую перадачу, але яе не прынялі: "Зноў прычына, што нібыта ёй ужо нехта перадаў 30 кілаграмаў прадуктаў — норму на месяц. Гэтым разам невядомыя "добразычліўцы" прынеслі ёй мех старой морквы. Яблыкаў яшчэ няма, як рабілі летась, дык цяпер дораць моркву. Здзекуюцца з Паліны і яе сваякоў"

Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. За кратамі яна са студзеня 2021 года. У чэрвені 2021-га Паліна была асуджана на 2 гады пазбаўлення волі (яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянераў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі"). Потым яе яшчэ двойчы судзілі за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Агульны тэрмін склаў 4 гады пазбаўлення волі. Вясной сёлета прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Палінай Шарэнда-Панасюк. У ім яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Але ў траўні з калоніі яе адправілі ў следчы ізалятар у Гомелі, была распачатая новая крымінальная справа — зноў за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Атрымліваецца, што рэжым вырашыў яе не выпускаць на волю.

Усе гэтыя гады палітзняволеная за кратамі трымалася мужна. Рада БНР узнагародзіла яе медалём ордэну Пагоні.

На волі Паліну Шарэнда-Панасюк чакаюць двое дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі