Сталі вядомыя падрабязнасці смерці мінчука, дастаўленага з міліцыі ў лякарню
Першамайскае РУУС Мінска / Яндэкс.Карты
Тэлеканал "Белсат" высветліў абставіны смерці мінчука, які памёр пасля таго, як яго затрымалі міліцыянты Першамайскага раёна Мінска.
Паведамляецца, што Арцёму Зайцу было 32 гады. Яго затрымалі 5 жніўня ў Новай Баравой у краме "Гіпа". А 10 жніўня ён памёр у лякарні, куды яго даставілі з канвоем.
"Памёр ён у больніцы хуткай дапамогі ад атрыманых траўмаў, а менавіта — пералом 2-га, 3-га, 4-га пазванкоў шыйнага аддзелу, на пятыя суткі пасля аперацыі", — кажуць знаёмыя.
Пра смерць Арцёма Зайца стала вядома 14 жніўня. Паведамлялася, што мужчыну ў непрытомным стане забралі з пастарунка ў лякарню.
Знаёмыя кажуць, што пракуратура дагэтуль не дала сваякам адказу, ці пачалася праверка паводле факту смерці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.