Старэнне насельніцтва ў Італіі і самотны немец на востраве — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
У найбліжэйшыя гады Зямлі пагражаюць незваротныя прыродныя катаклізмы з прычыны глабальнага пацяплення. Навукоўцы занепакоеныя бяздзейнасцю ўрадаў. Але папярэджаны — значыць узброены. Пра гэта і не толькі чытайце ў нашай штодзённай падборцы замежных навін.
У Італіі абвясцілі “надзвычайную дэмаграфічную сітуацыю”
Старэнне насельніцтва і падзенне нараджальнасці моцна турбуе італьянскіх сацыёлагаў і дэмографаў. Многія лічаць, што краіна можа трапіць у дэмаграфічную яму, перадае Euronews.
Падзенне нараджальнасці ў апошнія гады назіраецца па ўсёй Еўропе. Асабліва востра гэтая праблема стаіць у Італіі.
Паказчык нараджальнасці ў краіне — адзін з самых нізкіх у Еўрасаюзе, і мясцовае насельніцтва старэе таксама рэкорднымі тэмпамі.
— Гэта праблема не адносіцца да таго ці іншага палітычнага боку. Гэтая праблема датычыць усяго палітычнага спектру і ахоплівае ўсе сацыяльныя катэгорыі — ад імігрантаў да пажылых людзей, — расказаў Джыджы дэ Пала, кіраўнік Фонду падтрымкі нараджальнасці.
Паводле прагнозаў сацыёлагаў, калі тэндэнцыя захаваецца, то да 2030 года 59-мільённае насельніцтва Італіі скароціцца амаль на мільён чалавек.
Летась урад вылучыў каля мільярда еўра на меры, скіраваныя на тое, каб дапамагчы жанчынам сумяшчаць выхаванне дзяцей і працу.
Навукоўцы занепакоеныя глабальным пацяпленнем. Зноў
Сотні галоўных сусветных навукоўцаў-кліматолагаў чакаюць, што ў гэтым стагоддзі сярэдняя тэмпература паветра вырасце як мінімум на 2,5°C, што выкліча катастрафічныя наступствы для чалавецтва і планеты, паказала даследаванне The Guardian.
Амаль 80% навукоўцаў прагназуюць глабальнае пацяпленне як мінімум на 2,5°C і толькі 6% мяркуюць, што ўзгодненая на міжнародным узроўні мяжа ў 1,5°C будзе выкананая.
Навукоўцы прадракаюць голад, канфлікты і масавую міграцыю, якія будуць выкліканыя хвалямі цяпла, ляснымі пажарамі, паводкамі і штармамі — іх інтэнсіўнасць будзе нашмат мацнейшая за ўсе папярэднія катаклізмы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.