Стаў вядомы прысуд вядомаму самелье Аляксандру Кульбачку
Аляксандр Кульбачка / @viasna96
Вядомага мінскага самелье Аляксандра Кульбачку асудзілі на тры гады "хатняй хіміі". Пра гэта стала вядома праваабаронцам. Суд адбыўся яшчэ ў лютым. Прысуд выносіла суддзя Іна Сівец.
Аляксандра абвінавачвалі па артыкуле "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" (арт. 342 КК РБ). У матэрыялах справы гаварылася, што Кульбачка ў жніўні і ўвосень 2020 года чатыры разы браў удзел у масавых акцыях пратэсту, у розных месцах Мінска ён "стаяў і рухаўся па праезнай частцы дарог і вуліц, блакаваў шлях транспартным сродкам, не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". У сакавіку гэтага года Аляксандра таксама ўнеслі ў спіс асоб, "датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Адзначым, што Аляксандр Кульбачка — саўладальнік аднаго з вінных бараў Мінска. У 2017 годзе быў прызнаны "найлепшым самелье Беларусі". На ўтрыманні ў яго ёсць няпоўнагадовыя дзеці. Праваабаронцы прызналі Аляксандра палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.