Суд адмовіўся скасоўваць вынікі фармавання трох выбаркамаў у Брэсцкай вобласці
Арганізацыя збіралася вылучыць двух чалавек у брэсцкія выканкамы і аднаго ў баранавіцкі, аднак прозвішчы гэтых людзей на паседжанні проста не прагучалі.
Актывісты паведамілі, што патрэбныя дакументы яны даслалі своечасова, але ў аблвыканкаме падчас разбіральніцтва заявілі, што нічога не атрымлівалі. Пратаколы аб вылучэнні сваіх кандыдатаў “рухаўцы” накіравалі з Мінска заказным лістом з апавяшчэннем на адрас Брэсцкага аблвыканкама. Апавяшчэнне было атрыманае аблвыканкамам 24 чэрвеня, за тры дні да вырашальнага дня. Гэта і стала нагодай для заявы ў суд.
На судзе высветлілася, што супрацоўнікі аблвыканкама ліст усё ж атрымалі, аднак на стол адказнага за працэс чыноўніка дакументы трапілі толькі 27 чэрвеня — у дзень выбараў гэтай самай камісіі. Прадстаўнік аблвыканкама растлумачыў, што ліст прыйшоў перад выходнымі, таму часова “згубіўся”, але кандыдатуры ад Руху “За Свабоду” нібыта ўсё ж былі разгледжаныя. Аднак адбылося гэта… да паседжання. Вылучэнцаў ад грамадскай арганізацыі, па яго словах, забракавала працоўная група, якая займаецца фармаваннем камісіі.
Суд у выніку прыняў бок адказчыка — Брэсцкага аблвыканкама. У дзеяннях чыноўнікаў суддзя Ніна Усцімчук не ўгледзела парушэнняў закону.
Актывісты з такім рашэннем катэгарычна не згодныя. Праваабаронца і сябар Руху “За Свабоду” Раман Кісляк гаворыць, што працэс фармавання выбарчай камісіі не быў празрыстым:
“Гэта ніяк не заснавана на законе, бо прайшло непразрыста. Мы не мелі магчымасці назіраць працэсы, якія там адбываліся. На сумесным паседжанні адбору кандыдатураў фактычна не было, бо там галасавалі за прапанаваныя варыянты. Гэта, вядома, парушае нашае права выбіраць на сапраўдных выбарах”.
Рух “За Свабоду” вылучыў у тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы 48 сваіх прадстаўнікоў. Чыноўнікі зацвердзілі толькі двух і толькі ў Віцебскай вобласці.