Суддзю Шмыта ў Польшчы аб’явілі ў вышук па справе аб распальванні нянавісці
Томаш Шмыт
Пракуратура Уроцлава хадайнічала перад судом аб часовым арышце былога польскага суддзі Томаша Шмыта, які цяпер хаваецца ад арышту ў Беларусі. Пра гэта пішуць польскія медыя. Гэтым разам былога суддзю вінавацяць у “распальванні нянавісці”.
Паводле польскай пракуратуры, Шмыт у складзе арганізавай злачыннай групы здзейсніў злачынствы, “звязаныя з несанкцыянаванай апрацоўкай персанальных даных суддзяў, а таксама разгалошваннем староннім асобам інфармацыі, якая была атрымана ў ходзе ажыццяўлення службовай дзейнасці".
Гаворка ідзе пра “скандал нянавісці”, які здарыўся ў 2019 годзе, калі Томаш Шмыт займаў пасаду дырэктара юрыдычнага аддзела офіса Нацыянальнага судовага савета. Тады ў СМІ і сацыяльных сетках пачалася кампанія цкавання суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы, што праводзіла партыя “Закон і справядлівасць”. У ім была замяшаная таксама былая жонка Шмыта Эмілія.
Сам Шмыт ужо звязаў новаю крымінальную справу супраць сябе з публікацыяй ў яго тэлеграм-канале матэрыялу, які “сведчыць пра тое, што ў Польшчы можа мець месца гандаль дзецьмі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.