Сябры камісій ад апазіцыі парушэнняў не заўважылі і падпісалі пратаколы
Еўрарадыё пацікавілася, як прадстаўнікі апазіцыйных партый лічылі галасы.
Назіральнікі на мясцовых выбарах кажуць пра завышэнне яўкі, пра непразрысты падлік галасоў і парушэнні падчас галасавання на даму. Але ў выбарчых камісіях працаваў 21 чалавек з апазіцыйных партый. Як гэтыя людзі лічылі галасы?
Дзяніс Надалінец, сябра АГП, працаваў на ўчастку ў шостай школе Брэста. Сярод сяброў камісіі — у асноўным супрацоўнікі школы. Перамагла на ўчастку… дырэктар школы.
"У дзень выбараў я ездзіў са скрыняй на дом. У мяне гэта заняло гадзін пяць. Прагаласавала 70 чалавек. Бюлетэняў выдавалі 100, а людзей у спісе было меней. Можа, выдавалі з запасам".
Дзяніс кажа, што людзей уносілі ў спіс нават у кватэрах.
"Мы прыязджалі на дом, там была ляжачая жанчына і яе муж. Але муж таксама стары чалавек, таму мы яго ўнеслі ў спіс, і ён таксама прагаласаваў".
Гэта, між іншым, парушэнні, якія, як кажуць у ЦВК, не ўплываюць на вынікі галасавання.
Падлік галасоў таксама пачынаўся паводле рэгламенту. Але толькі пачынаўся, бо потым усе пачалі спяшацца дадому.
"Мы дасталі спачатку датэрміновае галасаванне, разабралі па кучках, і мне трапілася такая кучка цікавая. Птушачкі аднолькавыя і лісты адным стосам ляжалі, мяне гэта насцярожыла. Яшчэ сяброў камісіі пасадзілі цікава: сядзеў сакратар, ён вёў улік, а побач дзве жанчыны, якія ёй нашэптвалі лічбы. Хаця, згодна з правіламі, галасаванне праводзіцца галосна, у нас аб'явілі толькі выніковую лічбу".
Наталля Маслоўская з АГП працавала ў камісіі на базе цэнтральнай бібліятэкі Брэста. Масавай яўкі не заўважыла, з яе двух дамоў у дзень галасавання прыйшло толькі 37 чалавек.
"Гэта вельмі мала. Напалову лісты былі пустыя".
Колькі напісалі яўку ў выніковым пратаколе, не запомніла, камісію адразу пасля падліку распусцілі. Ну як падліку — сябры камісіі, у прынцыпе, нічога не лічылі, а толькі сартавалі.
"Станавіліся вакол стала. Высыпалася скрыня. Там былі бюлетэні ў абласны і гарадскі савет. Паперкі былі розныя. Кожны браў патрошкі і сартаваў. Потым падыходзіў чалавек і збіраў паперкі. Падлік галасоў праводзілі два сябры камісіі за асобным сталом".
У прынцыпе, вынік выбараў супаў з памерамі стосаў, якія сартавала Наталля. Перамог доктар, а сябра АГП прайграў. У асноўны дзень галасавання было шмат галасоў супраць усіх.
"У мяне закраўся сумнеў, калі трапілася пачка лістоў, яны вялікія былі — у абласны савет, і там знак амаль аднолькавы і 15 лістоў запар. Гэта дзіўна, бо кожны ўкідвае па два лісты — у абласны і гарадскі савет. Мне вось на вочы трапілася гэта пачка белых лістоў, і я яе ўзяла, бо лягчэй лічыць".
Сябра партыі левых "Справядлівы свет" Мікалай Петрушэнка трапіў у камісію вёскі Коханава і "сапсаваў жыццё" ўсім іншым членам камісіі — супрацоўнікам ЖКГ і старшыню — галоўнаму інжынеру.
"Кожны лічыў свой стос. Я ўзяў прыкладна 100 бюлетэняў. У мяне атрымалася каля 40 “за” і 60 “супраць”. Асобны стос — несапраўдныя. Але далей старшыня камісіі прымае рашэнне, што мы п'ём гарбату, а яны ідуць у суседні пакой падлічваць. Я заявіў пратэст. І запатрабаваў, каб падлік праводзіўся адкрыта і проста тут на сталах. Усё гэта было пад пагрозамі, што мяне больш ніколі не будзе ў камісіі, але галасы лічыліся да другой гадзіны ночы. Далей, я падлічыў свае сто, іншыя таксама па сто. Але распісваемся мы за 1500, а бачым толькі сто. Таму я запатрабаваў, каб мне далі пералічыць, як адсартавалі іншыя".
І ніводнага парушэння Мікалай Петрушэнка не знайшоў. Кажа, што фальсіфікаваць выбары тут не было сэнсу, але камісія рабіла ўсё па інэрцыі.
Уладзімір Баршчэўскі са "Справядлівага свету" другі раз у камісіі, гэтым разам у вёсцы Ларынаўка.
"Гэтым разам мне нават спадабалася. Вельмі добра людзі шлі і ніякіх парушэнняў не было".
І падлік галасоў прайшоў добра. Праўда, на ўчастку не было ніякай канкурэнцыі, бо выбары безальтэрнатыўныя. Дык навошта фальсіфікаваць, кажа Уладзімір Баршчэўскі.