Сямашка: да завяршэння падатковага манеўру Беларусь страціць 14,2 млрд долараў
Уладзімір Сямашка / sb.by
Беларускі бок працягвае разлічваць на кампенсацыю Расіяй наступстваў падатковага манеўру, заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка ў інтэрв'ю ТАСС:
"Найбольш актуальная тэма па нафце сёння, у сувязi з прыняццем расійскімі калегамі ў аднабаковым парадку рашэння па ўвядзенні падатковага манеўру, — гэта кампенсацыя беларускім НПЗ іх выдаткаў з прычыны пераводу іх у найбліжэйшай перспектыве на сусветныя закупачныя цэны. Сумесна шукаем варыянты вырашэння гэтай няпростай праблемы".
Пасол Сямашка лічыць, што ва ўрада Расіі ёсць разуменне праблем Беларусі ў сувязі з падатковым манеўрам і цяпер абмяркоўваецца механізм кампенсацыі:
"Мы прыступілі да абмеркавання кампенсацыйных механізмаў. Яны могуць быць як у выглядзе міжбюджэтных трансфераў, так і ў выглядзе змены формулы цаны нафты, унясення ў яе спецыяльнай зніжкі. Памер жа кампенсацыі відавочны для двух бакоў: павінна быць кампенсавана розніца ў вывазных мытных пошлінах, памножаная на аб'ём нафты, якая пастаўляецца".
На першым этапе манеўру Беларусь страціла 3,6 млрд долараў, якія ніяк не кампенсаваныя, і гэта не апошнія страты:
"Калі ўсё пакінуць так, як ёсць, то за час, які застаўся да завяршэння падатковага манеўру, Беларусь страціць яшчэ 10,6 млрд долараў пры сусветнай цане нафты 70 долараў за барэль і 8,8 млрд долараў пры цане 60 долараў за барэль".
Пасля завяршэння падатковага манеўру беларускія нафтаперапрацоўшчыкі будуць атрымліваць нафту па сусветных цэнах:
"У выніку чаго Беларусь будзе штогод пераплачваць Расіі па 3 млрд долараў. Нават пры прагназаваным у перспектыве росце гадавога ВУП Беларусі да 100 млрд долараў (цяпер — 60 млрд) для нас гэта не проста вялізныя лічбы, гэта вельмі вялікі цяжар", — заявіў Уладзімір Сямашка.