Сёння адзначаецца 70-я гадавіна дэпартацыі крымскіх татар (відэа)
У Сімферопалі прадстаўнікі татарскай абшчыны ладзяць мітынг-рэквіем.
18-20 траўня 1944 году органы НКУС вывезлі з паўвыспы амаль 185 тысяч чалавек карэннага насельніцтва. Крымскіх татар дэпартавалі ў Сярэднюю Азію і за Урал. Многія загінулі ў часе падарожжа. Падставай для гвалтоўнага перасялення стала нібыта масавае супрацоўніцтва крымскіх татар з акупацыйнымі войскамі ў часе Другой сусветнай вайны.
Напярэдадні гадавіны дэпартацыі крымскія ўлады забаранілі мітынгі да 6 чэрвеня з-за магчымых правакацыяў. Пасля гэтага на паседжанні Меджлісу таксама адмянілі правядзенне запланаваных масавых акцыяў у Сімферопалі 17-18 траўня.
3 траўня аднаго з лідараў крымскататарскага народу Мустафу Джамілёва не пусцілі ў Крым. Яго суайчыннікі некаторы час блакавалі трасы вакол Сімферопаля, Бахчысарая, у Старым Крыме, Еўпаторыі і ў пасёлку Кастрычніцкае Чырвонагвардзейскага раёну.
Пазней пракурор Крыму Наталля Паклонская зачытала старшыні Меджлісу Рэфату Чубараву папярэджанне пра “недапушчэнне вядзення экстрэмісцкай дзейнасці” і заявіла, што ў выпадку непадпарадкавання, Меджліс будзе ліквідаваны і яго дзейнасць забароненая.
Нягледзячы на забарону масавых акцыяў, Мустафа Джамілёў заклікаў суайчыннікаў выходзіць на плошчу і “адстойваць свае правы”. А Меджліс у суботу прыняў рашэнне правесці малебны ля закладных камянёў і памятных дошак, інфармуе УНІАН.