Танкачова: Забароны прыводзяць да павышэння крэатыўнасці людзей

Генеральная пракуратура папярэджвае грамадзян краіны пра "недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах". Гэтая заява з'явілася напярэдадні чарговай акцыі, якая арганізоўваецца праз сацыяльныя сеткі.

З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з праваабаронцай Аленай Танкачовай.

Еўрарадыё: Ці сапраўды чалавек, які ўдзельнічае ў маўклівай акцыі, можа быць пакараны за тое, што ён знаходзіцца ў пэўным месцы, проста стаіць, нічога не робіць?

Танкачова: “Мне складана ўявіць, за што можна прыцягваць да адказнасці людзей, якія самаарганізуюцца”.

Еўрарадыё: Паводле закону, тое, што людзі збіраюцца на плошчы ў адзін час, не выкрыкваюць ніякіх лозунгаў, без плакатаў — гэта не правапарушэнне?

Танкачова: “У першую чаргу, гэта не з’яўляецца парушэннем парадку. Для мяне, учорашняя заява Генпракуратуры, гэта вялікі юрыдычны нонсенс, бо ні пікетам, ні мітынгам з пункту гледжання беларускага заканадаўства гэта нельга назваць. Гэта выглядае прыкладна так, як на вадасховішчы ў добрае надвор’е збіраюцца людзі — гэта што масавая акцыя? Учорашняя заява не базуецца на норме закона, гэта хутчэй спалоханасць, спроба рэагаваць на нейкія нязвыклыя сітуацыі”.

Еўрарадыё: Учора з’явілася ў Інтэрнэце неафіцыйная інфармацыя, што доступ да сацыяльных сетак у Беларусі можа быць абмежаваны...

Танкачова: “Калі нехта вырашыць гэта рабіць, то гэтае дзеянне, зразумела, дзіўнае і без доўгатэрміновых наступстваў. Людзі знойдуць, як размаўляць, калі ёсць такая патрэба, а яна ёсць. Калі людзям прапанаваць размову праз прызму забаронаў, то крэатыўнасць і здольнасць прыдумаць нешта новае будзе толькі павышацца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі