Тры фірмы з краін ЕС падазраюцца ў незаконных пастаўках зброі ў Беларусь і Расію
Тры фірмы, якія базуюцца ў Еўрасаюзе, падазраюцца ў спробе кантрабанды зброі ў Беларусь і Расію, піша EUobserver.
ЕC увёў эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь і Расію ў 2011 і 2014 гадах. Пастаўкі нібыта адбываліся ў 2020-м.
У незаконных пастаўках падазраюць чэшскую фірму Česká zbrojovka (пастаўкі вінтовак і пісталетаў у Расію), а таксама венгерскую фірму De Fango і славацкую фірму XXeurope (экспарт соцень тысяч патронаў праз Малдову ў Беларусь).
Трывогу падняў афіцэр сувязі з Малдовы, які падзяліўся інфармацыяй з дыпламатам ЕС. Ён таксама назваў удзельнікамі схемы па абыходзе санкцыяў малдаўскую зброевую фірму Cartuş, расійскую кампанію Alliance і беларускую Outdoor Team.
МЗС Малдовы пацвердзіла EUobserver адзін з выпадкаў такіх паставак. Пры гэтым малдоўскія дыпламаты падкрэслілі, што іх дзяржава спыніла спробу экспарту грамадзянскіх боепрыпасаў у Беларусь.
"Боепрыпасы былі імпартаваныя з Венгрыі, але першапачаткова зробленыя ў Фінляндыі і Швейцарыі", — дадалі малдоўскія чыноўнікі. Па іх словах, цяпер ідзе расследаванне па гэтай справе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.