Тры версіі трагедыі ў Барысаве
Асноўнай прычынай смерці шасці чалавек у ваенным гарадку Лядзішча ў Барысаве называюць атручэнне бытавым газам. Пра гэта кажуць суседзі загінулых. На прадпрыемстве “Барысаўмежрайгаз” пачалася тэрміновая праверка з удзелам высокага начальства з Мінска. “У нас тут нікога цяпер няма з начальства, усе паехалі ў Барысаў”, — кажуць Еўрарадыё ў “Мінаблгазе”.
На дадзены момант можна выдзеліць тры версіі трагедыі.
1. Невыкананне газавікамі сваіх абавязкаў
Пра гэта сведчаць словы суседзяў загінулых сем’яў. “Я прачнулася ад дзікага галаўнога болю. У галаве стукалі малаткі, у вушах звінела, у вачах усё траілася. Я нічога не чула і валілася з ног. Адкрыла вокны і разбудзіла мужа з дзіцем. Яны адчувалі сябе не так дрэнна, як я… Я пачала тэлефанаваць газавікам. Яны прыехалі, зрабілі замеры, сказалі, што пахне бутанам, але канцэнтрацыя прыроднага газу не перавышае норму. Я працягвала праветрываць кватэру. Асабліва моцна пахла ў ваннай і туалеце. Мне станавілася горш. Я выклікала газавікоў другі раз, але яны зноў сказалі, што ніякай уцечкі газу няма. Я вельмі моцна спалохалася за дзіця і стала тэлефанаваць у ЖЭС. Супрацоўнікі ЖЭСа сказалі, што ў кватэры пахне зусім не газам, а бытавой хіміяй, хлоркай. Але ніякай хлоркай я не карысталася. Супрацоўнікі ЖЭСа сказалі разбірацца з праблемай мне самой. Калі мне стала яшчэ горш, я выклікала "хуткую", але чамусьці там сталі правяраць мяне на страсенне мазгоў. Прыкмет атручэння ў мяне не знайшлі. А ў дзевяць гадзін вечара ў дзверы пазваніла міліцыя і нам сказалі, што пад нашымі кватэрамі усе памерлі”, — расказала журналістам партала tut.by сведка Анастасія.
2. Раптоўнае пашкоджанне газавага абсталявання
На карысць гэтай версіі гаворыць тое, што загінулыя былі знойдзеныя ў сваіх кватэрах у звычайных позах, уласцівых спакойным людзям, якія нават не падазраюць аб небяспецы. Сям’я пенсіянераў загінула за праглядам тэлевізара, а дзеці з іншай сям’і за пісьмовым сталом і ў ваннай. Як расказаў Еўрарадыё урач таксіколаг, такое магло здарыцца толькі праз вялікую канцэнтрацыю газа ў паветры. “Людзі проста губляюць прытомнасць і паміраюць, калі там высокая канцэнтрацыя газа, — так тлумачыць тое, што адбываецца з чалавекам падчас атручэння блакітным палівам, загадчык аддзялення таксікалогіі гродзенскай Бальніцы хуткай дапамогі Юрый Апановіч. — Галюцынацый ад газа не бывае. Але я не разумею, як яны маглі атруціцца? Ён жа паступова нарастае. Ён жа мае пах. Калі вы ўключаеце пліту, вы ж адчуваеце пах газу. Як яны маглі яго не пачуць!? Хіба толькі канцэнтрацыя была вялікая і яны хутка згубілі прытомнасць…”
Нягледзячы на незвычайнасць здарэння, падобнае ўжо неаднаразова было ў Расіі. Напрыклад, 21 снежня 2015 года ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе Расіі бытавым газам атруцілася пяць чалавек — усе яны загінулі ў сваёй кватэры, уцечка газу адбылася ўначы з газавага катла, людзі памерлі ў сне. А літаральна два тыдні таму ў Омскай вобласці ад атручэння газам загінула сям’я — мужчына з жонкай і 14-гадовым сынам. Побач з трупамі ратавальнікі знайшлі стаканы з вадой і аспірын.
3. Прычынай смерці стаў угарны газ, а не бытавы
Пра гэтую версію выданню kp.by расказалі супрацоўнікі барысаўскага філіяла “Мінскаблгаза”. Па іх словах, дымаходная труба ў пад’ездзе магла забіцца лёдам. У выніку знікла цяга і прадукты гарэння газа (у тым ліку, угарны газ) з пад’езда заставаліся ў кватэрах. Угарны газ не мае паху, яго немагчыма распазнаць без спецыяльнага абсталявання. Пры адносна невялікай канцэнтрацыі ўгарнага газу ў паветры чалавек траціць прытомнасць і праз нейкі час памірае. Пры асабліва небяспечнай канцэнтрацыі, больш за 1%, смерць наступае нават за некалькі хвілін.
Версіі з угарным газам прытрымліваецца і Міністэрства энергетыкі. "Пры абследаванні кватэр, у якіх загінулі людзі, наяўнасць прыроднага газу зафіксавана не была. Магчымай прычынай гібелі людзей з'яўляецца атручванне ўгарным газам з-за парушэння працы дымавых каналаў і сістэмы вентыляцыі. У цяперашні час Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь высвятляюцца абставіны гібелі людзей", — гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга на афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку.
Выпадкі смяротнага атручэння ўгарным газам у Беларусі фіксуюцца штогод, аднак звычайна гэта бывае ў прыватных дамах, а не ў гарадскіх кватэрах.
Дакладныя прычыны трагедыі ў Барысаве стануць вядомыя пасля расследавання Следчага камітэта. Яго прадстаўнікі працуюць на месцы здарэння а таксама з кіраўнікамі і рабочымі “Барысаўмежрайгаза”.