СМІ: Экс-міністр абароны Украіны хаваецца ў Драздах

СМІ: Экс-міністр абароны Украіны хаваецца ў Драздах

Экс-міністр абароны Міхаіл Ежаль, які год таму пазбавіўся пасады пасла Украіны ў Беларусі, пасяліўся ў Мінску, у мікрараёне Дразды. Пра гэта паведамляе украінскі тэлеканал ТСН у сваім матэрыяле, пра высокіх чыноўнікаў часоў прэзідэнцтва Януковіча, супраць якіх цяпер распачатыя справы.  

У Беларусі Ежаль мае пасведчанне на права жыхарства, а ва Украіне супраць яго адкрыта больш за 50 крымінальных спраў. У сакавіку гэтага года Ежаля абвясцілі ў вышук.

Яшчэ адзін экс-міністр абароны Павел Лебедзеў, які знаходзіцца ў вышуку ваеннай пракуратуры, пасяліўся ў анексаваным Крыме. Таксама ў Крыме цяпер жывуць экс-міністр аховы здароўя Раіса Багатырова,  аўтар “дыктатарскіх законаў” экс-нардэп Уладзімір Алейнік, экс-нардэп ад Партыі рэгіёнаў Вадзім Калеснічэнка.

Нягледзячы на фатаграфіі асабняка экс-прэм’ера Мікалая Азарава ў Падмаскоўі, па дадзеных крыніц ТСН, ён жыве таксама ў Крыме — у Гурзуфе.

Экс-міністр адукацыі Дзмітрый Табачнік і экс-міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Эдуард Ставіцкі, нягледзячы на санкцыі ЗША і ЕС, з’ехалі ў Ізраіль. У сваю чаргу, экс-кіраўнік НБУ Ігар Соркін, які ў свой час стаў пераемнікам Сяргея Арбузава, жыве ў Арменіі, дзе мае свой рэстаранны бізнэс.

Сам Сяргей Арбузаў, як паведамлялася раней, жыве ў Маскве. Там ён займаецца навуковай дзейнасцю. У той жа час экс-прэзідэнт Віктар Януковіч пасяліўся ў Растове-на-Доне. Расійскія чыноўнікі запэўніваюць, што экс-кіраўнік Украіны не мае расійскага грамадзянства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі