У адным з амерыканскіх штатаў прынялі закон, што забараняе TikTok
Тыя карыстальнікі, у якіх ужо спампаваная праграма, змогуць працягваць ёй карыстацца / plannthat.com
Амерыканскі штат Мантана стаў першым, дзе заканадаўча вырашылі забараніць карыстацца TikTok на асабістых устройствах. Калі губернатар штата падпіша закон, ён набудзе сілу ў наступным студзені, піша ВВС.
Тады крамам мабільных аплікацый забароняць прапаноўваць TikTok для спампавання. Але забарона не будзе тычыцца тых, хто ўжо яго выкарыстоўвае. Раней у тым жа штаце гэтай аплікацыяй забаранілі карыстацца дзяржслужбоўцам.
TikTok належыць кітайскай кампаніі ByteDance. Яго абвінавацілі ў стварэнні пагрозы нацыянальнай бяспекі. Прычына ў аб'ёме дадзеных, якія TikTok збірае ў карыстальнікаў. Але апроч таго заканадаўцаў турбуе, што мабільны дадатак можа правакаваць маладых людзей на небяспечныя дзеянні. Прыкладам, “шпулянне прадметаў у аўтамабілі, якія рухаюцца”.
Кіраўнік ФБР Крыстафер Рэй, выступаючы ў Сенаце, нядаўна заявіў, што праграма літаральна “крычыць” пра патэнцыйныя праблемы бяспекі.
Але, напэўна, кампанія, якой належыць TikTok, падасць у суд для барацьбы з законапраектам Мантаны. Карл Сабо, віцэ-прэзідэнт і галоўны юрысконсульт NetChoice — галіновай групы, у якую ўваходзіць TikTok — заявіў, што законапраект “стварае небяспечны прэцэдэнт, калі ўрад можа паспрабаваць забараніць кожны бізнес, які яму не падабаецца”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.