У Алеся Лагвінца страсенне, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа
Затрыманага палітыка Алеся Лагвінца шпіталізавалі з залы суда. Ён знаходзіцца ў 9-й клініцы Мінска.
У палаце разам з ім дзяжураць два міліцыянты, паведаміў у Фэйсбуку яго сын Антось. Па словах хлопца, у Лагвінца-старэйшага дыягназавалі страсенне мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, пералом носа. "Перадачу для яго ўзялі, сустрэцца не далі ў палаце", — дадаў Антось.
Як паведамляла Еўрарадыё, Алеся Лагвінца жорстка затрымалі сёння ўдзень. Пры затрыманні сілавікі яго збілі да крыві, разбілі акуляры. Сына Антося спярша таксама затрымалі, але потым адпусцілі.
Лагвінца збіраліся судзіць у Маскоўскім судзе сталіцы — нібыта, за хуліганства. Аднак суд адклалі, бо яму давялося выклікаць хуткую дапамогу.