У апошні час у ШІЗА голаса Калеснікавай не чуваць — былая зняволеная
Марыя Калеснікава
"Радыё Свабода" паведамляе пра няпросты стан Марыі Калеснікавай. Журналісты пагутарылі з былой зняволенай Алесяй, якая зімой вызвалілася з Гомельскай калоніі, дзе знаходзіцца Калеснікава. Жанчына трапіла за краты ў 2022 годзе за актыўнасць у сацсетках, цалкам адбыла свой тэрмін.
Калеснікаву, па яе словах, трымаюць пераважна ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Пасля таго як заканчваецца дапушчальны тэрмін (6 месяцаў), на яе складаюць новыя рапарты за "парушэнні рэжыму" і зноў караюць ПКТ.
"ПКТ і ШІЗА знаходзяцца ў адным памяшканні, іх камеры побач. Узаемадзейнічаць там нельга. Але раней, калі дзяўчаты траплялі ў ШІЗА, то яны чулі голас Калеснікавай. Яна ці адказвала на пытанні канвойных, віталася з імі, казала ім "добрай раніцы, добры дзень" або спявала нешта. Апошнім часам усе дзяўчаты, якія траплялі ў ШІЗА, казалі, што не чуваць там голасу Марыі. Ці яна стамілася, ці замкнулася... гэтага мы не ведаем", — кажа жанчына.
У калоніі Алеся таксама бачыла Ірыну Леўшыну (экс-дырэктарку інфармацыйнай кампаніі БелаПАН), праваабаронцу Марфу Рабкову, журналістак Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і Ірыну Слаўнікаву. Па словах жанчыны, усе яны трымаюцца за кратамі годна.
Алеся таксама распавяла, як іх прымушалі глядзець "інтэрв'ю" дзяржаўнай тэлевізіі з палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк. Па словах жанчыны, начальнік аператыўнага аддзела Мікіта Алёхін асабіста хадзіў і правяраў, каб усе зняволеныя яго паглядзелі. Але "прызнанні" Паліны для жанчын-палітвязняў з Гомельскай калоніі выглядалі дзіўна.
"Паліна ўвесь час мужна трымалася, атрымлівала і ШІЗА, і ПКТ, і дадатковы тэрмін. Тут да вызвалення ў траўні заставалася ёй няшмат, і такое "кіно". Відавочна нешта не так. Можа, ёй пагражалі новым тэрмінам, крымінальнымі "каруселямі". Мы ў любым выпадку не асуджалі яе, спачувалі", — адзначае былая зняволеная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.