У Асіповіцкім раёне на пажары загінула маладая жанчына з дачкой
У Асіповіцкім раёне на пажары ў дачным доме загінула маладая жанчына з малалетняй дачкой. Здарэнне адбылося пад раніцу 4 лютага у вёсцы Копча — паведамленне пра пажар паступіла на экстраную лінію ў 4.08.
На момант прыбыцця пажарных дом гарэў адкрытым полымем, дах і перакрыцце абрынуліся. Гаспадар, мужчына 1960 года нараджэння, быў на вуліцы. Ён сказаў, што ў доме засталіся людзі.
Падчас ліквідацыі пажару ў доме знайшлі целы дачкі і ўнучкі гаспадара. Загінулай жанчыне было 29 гадоў, дачка — 2009 года нараджэння.
Драўляны дачны дом не быў абсталяваны аўтаномным пажарным спавяшчальнікам. Прычыны ўзгарання высвятляюцца, паведамляе Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС.