У Беларусь даставілі новы верталёт у дзяржаўнай ліўрэі за $12 млн
Новы верталёт у дзяржаўнай ліўрэі дастаўлены ў Беларусь. VIP-мадэль AW139, зробленая італьянскай фірмай AgustaWestland, каштуе ад 12 мільёнаў долараў.
Фатаздымак верталёта ў міланскім аэрапорце Мальпенса перад адпраўкай у Беларусь зрабілі 18 лютага спотары — аматары назірання за самалётамі.
AW139 выкарыстоўваецца для эксклюзіўных перавозак. У Расіі, напрыклад, гэтай мадэллю карыстаецца прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.
Гэты верталёт можа перавозіць да 15 пасажыраў на вельмі высокай хуткасці (да 309 км/гадз). У салоне верталёта ёсць кандыцыянер, гарнітуры актыўнага падаўлення шуму, гукаізаляцыя, электрычныя трапы для пасажыраў (левы і правы), шафы, мультымедыя сістэмы з ВК-маніторамі, VIP-перамоўная з сістэмай бяспечнай сувязі.
У Беларусі ім хутчэй за ўсё будзе карыстацца Аляксандр Лукашэнка.