У Беларусь прыляцелі на перамовы прадстаўнікі "ДНР" і "ЛНР" (фота)

30 студзеня ў Мінск прыляцелі прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР". Гэта Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнега. Як інфармуе Радыё Свабода, Пушылін паведаміў, што яны перад ад'ездам сустракаліся з кіраўнікамі "рэспублік" Захарчанкам і Платніцкім. Паводле яго слоў, ці будуць перамовы кантактнай групы па вырашэнні сітуацыі на Данбасе, залежыць ад Кіева.

Прадстаўнікі сепаратыстаў прывезлі ў Беларусь праект новага пагаднення, якое, на іх думку, не супярэчыць ранейшым мінскім пагадненням.

Цяпер чакаецца прыбыццё ў Мінск прадстаўнікоў уладаў Украіны. Нагадаем, сёння ў Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі, што ёсць папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні ў Мінску сустрэчы трохбаковай кантактнай групы "ў пятніцу-суботу". Ідзе "працэс узгаднення дакумента, які будзе датычыць выканання мінскіх дамоўленасцяў, у прыватнасці адводу вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў".

Як паведамляла Еўрарадыё, кіраўнікі "ДНР" і "ЛНР" патрабуюць на перамовы афіцыйнага прадстаўніка Кіева (раней Украіну прадстаўляў экс-прэзідэнт Леанід Кучма). Хто прыляціць у Мінск, пакуль невядома.

“Украіна сёння і заўжды гатовая да перамоваў ў Мінскім фармаце. Але сустрэча павінна прынесці вынік, а не імітаваць працэс. А для дасягнення такога выніку неабходны ўдзел у перамовах падпісантаў Мінскіх пагадненняў”, — сказаў у каментары Еўрарадыё раніцай 30 студзеня пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба.

У прэс-службе МЗС Беларусі час і месца сустрэчы кантактнай групы раніцай 30 студзеня не паведамлялі. Па словах кіраўніка прэс-службы Дзмітрыя Мірончыка, “як толькі ў іх з’явіцца дакладная інфармацыя, яе адразу паведамяць журналістам”.

Нагадаем, апошні раз кантактная група сустракалася ў Мінску 24 снежня 2014 года. Тады ўдзельнікі сустрэчы не кантактавалі з журналістамі.

Фота: ria.ru, svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі