У Беларусі можа з'явіцца закон аб заўзятарах
З такой інцыятывай выступае Беларуская федэрацыя футбола.
Беларуская федэрацыя футбола выступае з ініцыятывай закона аб заўзятарах. Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі чарговай справаздачна-выбарчай канферэнцыі АБФФ, якая прайшла сёння ў мінскім Доме футбола.
На думку кіраўніка федэрацыі Сяргея Румаса, перадае БЕЛТА, такі закон дапаможа вярнуць заўзятараў на стадыёны і на дзяржаўным узроўні вызначыць правы і абавязкі ўсіх датычных да гэтага.
Румас нагадаў, што апошнім часам мноства заўзятараў перасталі хадзіць на футбольныя матчы. Адной з галоўных прычын яны называюць занадта строгае стаўленне да людзей з боку міліцыі. Кіраўнік федэрацыі футбола абяцае, што кіраўніцтва федэрацыі зробіць усё магчымае, каб гледачы вярнуліся на трыбуны, а тыя, хто забяспечвае бяспеку, усяляк спрыялі гэтаму.
Ініцыятыву АБФФ падтрымаў і першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, памочнік кіраўніка дзяржавы па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў.
Фота — by.tribuna.com