У Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання затрымалі браканьера з Расіі
У Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання затрымалі браканьера з Расіі. Здарэнне адбылося ў Добрушскім раёне. Парушальнік паляваў на снегаходзе. Яго сляды і заўважылі дзяржінспектары аховы жывёльнага і расліннага свету ды арганізавалі засаду. З яе расіянін паспрабаваў вырвацца, але ў лесе патрапіў у другую засаду, снегаход заблакавалі.
Браканьер аказаўся жыхаром горада Новазыбкаў, пры сабе меў зараджаную незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу.
Паколькі паляванне ў зоне радыяцыйнага забруджвання на тэрыторыі Беларусі забароненае, у дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу. Яго транспартны сродак і зброю канфіскавалі. Сам парушальнік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, інфармуе БелаПАН.