У Беларусі закрылі доступ да самага папулярнага наркафорума

Тыдзень таму падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік Упраўлення па наркакантролі МУС Васіль Лосіч на пытанне пра загрузку ў Беларусі сайтаў з аб’явамі аб продажы спайсаў заявіў, што перакрыццё доступу да іх — пытанне часу.

“Мы іх усе ведаем, усе яны ў нас улічаныя. На гэты конт адбылася працоўная нарада са Следчым камітэтам. Мы вызначыліся, што калі яны расследуюць крымінальныя справы і накіроўваюць іх у суд, то інфармацыя аб закрыцці сайтаў будзе сыходзіць ад следчых. Як толькі следчы прыйшоў да высновы, што сайт трэба закрываць, інфармацыя пастаўляецца ў МУС, а МУС накіроўвае яе ў Мінсувязі. На мінулым тыдні ў Мінсувязі быў накіраваны дакумент на закрыццё шасці такіх сайтаў. Як толькі дэкрэт запрацуе на поўную моц, усё будзе адбывацца яшчэ хутчэй”, — патлумачыў праблему кіраўнік Наркакантролю.

І вось, у аўторак 20-га студзеня набіраем адрас самага папулярнага ў нас міжнароднага наркафорума. Рэсурс не загружаецца.

Але тэхналогіі не стаяць на месцы і спосабы зайсці на наркафорум ёсць (як гэта робіцца, лішні раз рэкламаваць не будзем).

У аўторак 20-га студзеня з 00.00 да 14.00 на старонцы, прысвечанай Мінску, змясцілі 11 аб’яваў. Цікава, што дылеры патрабуюць ад наркаспажыўцоў ведання найноўшых камп’ютарных праграм. Праз Skype, які страціў у наркасвеце аўтарытэт, звязвацца ўжо амаль ніхто не рызыкуе.

Аплачваць замовы прапаноўваюць пераважна праз электронную плацежную сістэму, якая працуе праз адзін з беларускіх банкаў. Як бачым, пакуль тое, што электронныя рахункі могуць прывесці да дылераў, апошніх не надта хвалюе.

“Як лічыш, каго гэта павінна турбаваць: прадаўца ці пакупніка?”, — выказваецца пра гэта прадавец наркотыкаў і піша нам свой электронны рахунак.

Цікава, што сёння ў многіх аб’явах дылеры актыўна запрашаюць да супрацоўніцтва так званых “мінёраў”, якія раскладаюць наркотыкі па схованках, адкуль “тавар” ужо забіраюць спажыўцы.

Пішам аднаму з такіх “працадаўцаў”. Той выстаўляе ўмовы: не спажываць наркотыкі самім, перавесці па той жа беларускай плацежнай сістэме задатак хаця б у 300$. Заробак паабяцаў ў 2 мільёны рублёў на дзень. Дылер прама падчас перапіскі вучыць, як рыхтаваць тавар для продажу і абяцае за добрыя паводзіны выдаць спецыяльныя шалі, каб расфасоўваць парашок раўнамерна. На заўвагу пра крымінальную адказнасць за такое працаўладкаванне прапаноўвае “не каркаць”:

“Калі будзеш прыстойна выглядаць і не жэрці, ніхто цябе не прыме. Паляцца я..аны, якія бачаць гэтыя пакеты, і іх рамсіць…”

Пры гэтым учапіўся дылер за патэнцыйнага “работніка”, як закаханы рамантык у сваю апошнюю абранніцу. Відаць, што з працоўнымі кадрамі на наркарынку пасля выхаду Дэкрэта №6 узніклі праблемы. Відаць, многія, пачуўшы пра тэрмін да 25 гадоў пазбаўлення волі за наркагандаль, звольніліся. Яно і зразумела, менавіта шараговыя “мінёры” рызыкуюць першымі прымерыць на рукі кайданкі. А тут яшчэ і прайшла інфармацыя пра створаную праваахоўнікамі кібервыведку.

То бок мала-памалу наркарынак у межах беларускага інтэрнэту перастае выглядаць прахадным дваром. Шкада, што толькі цяпер. Пра спосабы, якімі дзейнічаюць сучасныя дылеры, ведалі яшчэ некалькі гадоў таму. Але зварушыць бюракратычную машыну было няпроста.

Фота: Fotolia 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі