У Берліне пачалася Міжнародная канферэнцыя па аднаўленні Украіны

Уладзімір Зяленскі і Олаф Шольц падчас сустрэчы ў траўні 2023 года

Уладзімір Зяленскі і Олаф Шольц падчас сустрэчы ў траўні 2023 года / AFP

Берлін абяцае Кіеву ўсебаковую падтрымку ў неваеннай сферы. Пра гэта перад пачаткам Міжнародная канферэнцыя па аднаўленні Украіны заявіла міністр па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ФРГ Свенья Шульцэ. "Нават падчас вайны ідзе гаворка пра аднаўленне", — заявіла яна сёння раніцай. Яе словы прыводзіць Deutsche Welle. Са слоў нямецкага міністра, "людзям патрэбны дах над галавой, электрычнасць, дзеці павінны хадзіць у школу".

Канферэнцыя па аднаўленні Украіны ў Берліне працягнецца два дні. Форум адкрыюць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і канцлер ФРГ Олаф Шольц. На канферэнцыі плануюць абмеркаваць у тым ліку пытанні падтрымкі малых і сярэдніх украінскіх прадпрыемстваў і пошук неабходных спецыялістаў.

Гэтая канферэнцыя "URC2024 аб'яднае ўрады, дзесяць з якіх — на ўзроўні прэм'ер-міністраў, кампаніі і арганізацыі для дапамогі Украіне", — напісаў напярэдані Уладзімір Зяленскі ў Telegram. З ягоных слоў, "ва ўмовах расійскага паветранага тэрору тэрміновыя рашэнні для ўкраінскай энергетыкі будуць нашым асноўным прыярытэтам". Сярод удзельнікаў канферэнцыі будуць не толькі палітыкі, але і бізнесмены, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці. Нямецкі міністр Шульцэ адзначыла, што намаганняў толькі дзяржаваў ужо недастаткова, таму на мерапрыемства запрасілі "шырокі спектр" удзельнікаў.  Усяго мяркуецца ўдзел каля дзвюх тысячаў чалавек з 60 краінаў. Нагадаем, раней аналагічныя канферэнцыі прайшлі ў 2022 годзе ў швейцарскім Лугана і ў 2023-м — у Лондане.

Паводле ацэнкі Сусветнага банка, шкода Украіне, нанесеная вайсковай агрэсіяй РФ, ужо складае не менш за 486 млрд долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі